Святы Айцец у Мушыме: павінна трыумфаваць любоў, не вайна

Леў XIV заклікаў вернікаў вучыцца ў Марыі мацярынскай любові і будаваць свет, у якім трыумфуе дабро, справядлівасць і клопат пра найбольш патрабуючых.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

19 красавіка 2026 года Леў XIV здзейсніў візіт у ангольскі санктуарый “Маці Сэрца” ў Мушыме – невялікім горадзе за 110 кіламетраў ад Луанды. Святы Айцец прыляцеў туды верталётам. У санктуарыі ён правёў ружанцовую малітву, пасля якой звярнуўся да яе ўдзельнікаў з прамовай.

“Мы знаходзімся ў санктуарыі, у якім на працягу стагоддзяў многія мужчыны і жанчыны маліліся ў радасныя, а таксама сумныя і балючыя моманты гісторыі гэтай краіны”, - сказаў Пантыфік.

Святы Айцец падкрэсліў, што Багародзіца, якая ўшаноўваецца ў гэтым месцы, “слухае ўсіх і моліцца за ўсіх”. Ён заклікаў углядацца ў прыклад Марыі, каб “несці святло Уваскрослага братам і сёстрам, якіх сустракаем”.

Леў XIV заўважыў, што санктуарый у Мушыме, прысвечаны Беззаганнаму Зачаццю, вернікі назвалі санктуарыем “Маці Сэрца”. “Гэта цудоўны тытул, які нагадвае пра сэрца Марыі: сэрца чыстае і мудрае, здольнае захоўваць і разважаць надзвычайныя падзеі жыцця Божага Сына. Молячыся разам, таксама і мы рабілі гэта, дазваляючы Марыі суправаджаць нас ва ўспамінах пра Езуса. Мы прайшлі разам з Ёй розныя моманты жыцця Яе Сына, каб умацаваць у нас усеахопную любоў – такую, як у Яго”, - сказаў Святы Айцец.

“Малітва Ружанца, такім чынам, абавязвае нас любіць кожнага чалавека мацярынскім сэрцам, канкрэтна і велікадушна, ахвяроўваць сябе дзеля ўзаемнага дабра, асабліва для самых бедных. Маці любіць сваіх дзяцей аднолькава і ўсім сэрцам, нават калі яны адрозніваюцца паміж сабой. Таксама і мы, перад Маці Сэрца, хочам паабяцаць рабіць тое самае, бязмежна намагаючыся прыкладаць намаганні, каб усім хапала любові і неабходнага для годнага і шчаслівага жыцця: каб галодныя былі насычаныя, хворыя атрымлівалі патрэбны клопат, дзецям была гарантавана належная адукацыя, пажылыя маглі спакойна пражыць гады сваёй сталасці. Пра ўсё гэта думае маці: пра ўсё гэта думае Марыя і запрашае таксама і нас раздзяліць Яе клопат”, - падкрэсліў Папа.

Пантыфік асаблівым чынам звярнуўся да моладзі, заклікаючы “будаваць лепшы і больш гасцінны свет, у якім не будзе войнаў, несправядлівасці, галечы, несумленнасці і дзе прынцыпы Евангелля будуць усё больш натхняць і фармаваць сэрцы людзей, структуры і праграмы дзеля дабра ўсіх”.

“Павінна трыумфаваць любоў, не вайна! Гэтаму нас вучыць сэрца Марыі, сэрца Маці ўсіх. Таму давайце вырушым з гэтага санктуарыя як “анёлы-пасланнікі” жыцця, каб несці ўсім ласкавасць Марыі і благаслаўленне Бога”, - заахвоціў Святы Айцец.
 

19 красавіка 2026, 19:30