Папа: рыхтаваць людзей, здольных служыць агульнаму дабру

Каталіцкія ўніверсітэты пакліканы пашыраць гарызонты розуму і рыхтаваць людзей, здольных адрозніваць дабро ад зла і дзейнічаць на карысць справядлівасці і міру, - падкрэсліў Папа.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

16 красавіка 2026 года Леў XIV сустрэўся з выкладчыкамі і студэнтамі Каталіцкага ўніверсітэта Цэнтральнай Афрыкі. Ён заўважыў, што гэта навучальная ўстанова, якая з 1989 года дзейнічае ў сталіцы Камеруна, горадзе Яўндэ, з’яўляецца сапраўдным “маяком на службе Касцёлу ў Афрыцы, у яго пошуку праўды і прасоўванні справядлівасці і салідарнасці”.

Пантыфік падкрэсліў, што сёння ўніверсітэты, асабліва каталіцкія, як ніколі раней пакліканы быць “супольнасцямі жыцця і даследаванняў”, дзе пошук праўды з’яўляецца не толькі мэтай, але і ладам жыцця.

“У той час, калі многія ў свеце, здаецца, губляюць свае духоўныя і этычныя арыенціры, загнаныя ў няволю індывідуалізму, знешняга вобразу і крывадушнасці, універсітэт – гэта дасканалае месца для сяброўства, супрацоўніцтва, а таксама ўнутранага жыцця і рэфлексіі”, - сказаў Святы Айцец.

Леў XIV нагадаў, што вера запрашае адкрыцца на рэчаіснасць з усім яе невычэрпным багаццем, абуджае крытычнае мысленне і пашырае гарызонт розуму, дзякуючы чаму магчыма больш глыбокае разуменне свету і чалавека.

Папа заўважыў, што Афрыка можа дапамагчы пашырыць вузкія гарызонты чалавецтва, якому цяжка захоўваць надзею, дзякуючы сваёй адкрытасці на міждысцыплінарны і міжкультурны падыход, а таксама ўвазе да такіх праблем, як няроўнасць, канфлікты і блізкасць.

Спаслаўшыся на дэвіз універсітэта – “На службе праўдзе і справядлівасці” – Леў XIV падкрэсліў, што сапраўднае развіццё грамадства магчыма, калі яно будзе абапірацца на “правільна сфармаваныя сумленні, выхаваныя ў праўдзе”. Ён заўважыў, што ўніверсітэт павінен рыхтаваць людзей, здольных адрозніваць дабро ад зла і дзейнічаць на карысць справядлівасці і міру.

Пантыфік звярнуў увагу на глабальны крызіс маральных арыенціраў і “ўспрыманне як нармальнага таго, што раней лічылася непрымальным”. Ён заўважыў, што перад абліччам перамен, звязаных з развіццём лічбавых тэхналогій і штучнага інтэлекту, патрэбна не толькі тэхнічная адукацыя, але таксама глыбокая гуманітарная фармацыя. Святы Айцец падкрэсліў, што хрысціяне не павінны баяцца “новых з’яў”, а пакліканы быць “піянерамі новага гуманізму”.

Леў XIV нагадаў, што каталіцкі ўніверсітэт пакліканы не толькі перадаваць веды, але таксама фармаваць людзей, здольных служыць агульнаму дабру. “Заўсёды ўсведамляйце тое, што, акрамя перадачы веры і ўдасканалення прафесійных здольнасцей, гэты ўніверсітэт мае на мэце спрыянне цэласнай фармацыі чалавечай асобы”, - сказаў ён, падкрэсліваючы важнасць універсітэцкага душпастырства.

Папа звярнуўся таксама да студэнтаў, заклікаўшы іх выкарыстоўваць атрыманыя веды на карысць свайго грамадства і не паддавацца спакусе міграцыі ў больш заможныя краіны, а таксама быць будаўнікамі будучыні, заснаванай на справядлівасці і мудрасці.
 

17 красавіка 2026, 18:53