З Алжыра ў Камерун: Папа працягвае афрыканскі шлях
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Маршрут паміж Алжырам, дзе Святы Айцец знаходзіўся з 13 красавіка 2026 года, і Яундэ складае 4014 кіламетраў. Гэтую адлегласць Пантыфік пераадолее на самалёце A330-900neo італьянскай кампаніі "ITA", прызямліўшыся ў Камеруне ў другой палове дня 15 красавіка 2026 года.
Гэтая краіна прымае ўжо трэцяга Папу: пасля Яна Паўла II, які быў тут у 1985 і 1995 гадах, і Бэнэдыкта XVI, візіт якога адбыўся ў 2009 годзе. Да 18 красавіка 2026 года рэзідэнцыяй Льва XIV будзе апостальская нунцыятура ў сталіцы.
Душпастырскі шлях: ад гістарычнай спадчыны да сучасных выклікаў
Падчас знаходжання ў краіне Пантыфік здзейсніць два ўнутраныя падарожжы. Ён наведае Баменду на поўначы – рэгіён, дзе ідзе вайна паміж урадам і сепаратыстамі, а таксама найбуйнейшы горад Дуала. Менавіта там, на мясцовым стадыёне, пройдзе самая маштабная сустрэча: чакаецца, што ў святой Імшы прымуць удзел 600 тысяч вернікаў. Усяго за гэты этап пілігрымкі папскія самалёты праляцяць 6760 кіламетраў, правёўшы ў паветры больш за 11 гадзін.
Канстытуцыя Камеруна, прынятая ў 1972 годзе і абноўленая ў 2008 годзе, дэкларуе свабоду культу, аднак сітуацыя з бяспекай застаецца складанай. Паводле звестак крыніц, паўночныя раёны пакутуюць ад тэрору груп "Бока Харам" і "ISWAP", якія нападаюць на рэлігійныя супольнасці. У англамоўных рэгіёнах ахвярамі сепаратысцкага канфлікту ўсё часцей становяцца хрысціянскія лідары.
Касцёл у лічбах: сацыяльнае служэнне і моц катэхетызацыі
У Камеруне пражывае больш за 28 мільёнаў чалавек, якія належаць да 200 этнічных груп. Католікі складаюць 38,6 працэнта насельніцтва (каля 8,3 мільёна вернікаў). Касцельная структура налічвае 5 мітраполій і 26 дыяцэзій, дзе служаць 35 біскупаў, 2388 дыяцэзіяльных і 912 законных святароў. Асаблівую сілу мясцовага Касцёла складаюць 26 328 катэхетаў. Сярэдняя нагрузка на аднаго душпастыра складае 2516 вернікаў.
Касцёл адыгрывае ключавую ролю ў сацыяльнай сферы краіны. Пад яго кіраўніцтвам працуюць 1668 школ і садоў, 276 сярэдніх школ і 34 вышэйшыя навучальныя ўстановы, дзе вучацца больш за 440 тысяч асоб. Медыцынская сетка ўключае 279 амбулаторый, 59 бальніц, 7 лепразорыяў і 12 цэнтраў для людзей з інваліднасцю. Таксама дзейнічаюць 42 сіроцкія прытулкі і 21 сямейная кансультацыя.
Эканоміка Камеруна з’яўляецца самай магутнай у рэгіёне: яна забяспечвае больш за 40 працэнтаў ВУП Эканамічнай і валютнай супольнасці Цэнтральнай Афрыкі (CEMAC). Нягледзячы на гэтую лідарскую ролю і багацце рэсурсаў (нафта, какава, драўніна), у краіне назіраецца значная няроўнасць. Прагрэсіўныя раёны кантрастуюць з паўночнымі рэгіёнамі Сахеля, дзе насельніцтва сутыкаецца з нізкай ураджайнасцю і абмежаваным доступам да базавых сацыяльных паслуг.
