Пошук

Базіліка Маці Божай Афрыканскай у Алжыры Базіліка Маці Божай Афрыканскай у Алжыры  (ANSA)

Леў XIV у Алжыры: сустрэча на скрыжаванні веры і гісторыі

Каталіцкая супольнасць Алжыра рыхтуецца да гістарычнага візіту Папы Льва XIV, які стане моцным знакам падтрымкі для невялікай, але духоўна трывалай мясцовай сям’і вернікаў.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Сёння, 13 красавіка 2026 года, вуліцы Алжыра і плошча перад Базілікай Маці Божай Афрыканскай набываюць святочны выгляд. Для краіны, дзе колькасць католікаў складае ўсяго каля 9 тысяч чалавек на 45 мільёнаў жыхароў, прыезд Пантыфіка – гэта доўгачаканая падзея, якую мясцовы Касцёл пачаў марыць яшчэ ў 2019 годзе. Паўсюль у горадзе бачныя не толькі службы па навядзенні парадку, але і ўзмоцненыя сілы бяспекі, што падкрэслівае выключную важнасць моманту.

Касцёл у Алжыры – гэта мазаіка з мясцовых жыхароў, еўрапейцаў і мігрантаў з Афрыкі на поўдзень ад Сахары.

Нягледзячы на свой статус абсалютнай меншасці, Касцёл у гэтай краіне мае выразна афрыканскае аблічча і вялікую духоўную вагу. Арцыбіскуп Алжыра кардынал Жан-Поль Веско падкрэслівае, што галоўная місія католікаў тут – не празелітызм, а будаванне гармоніі і прымірэння.

У краіне, дзе пераход з ісламу забаронены, вернікі часта вымушаныя сведчыць аб Хрысце проста сваёй прысутнасцю, дыялогам і штодзённым служэннем. Нямецкі дамініканін айцец Дэніс Хальфт апісвае гэтую супольнасць як структурна слабую, але надзвычай багатую на досвед, які ўзбагачае ўвесь Касцёл.

Памяць пра мучанікаў з Тыбірына застаецца жывым сімвалам вернасці ў краіне, якая перажыла каланіялізм і вайну.

Важным складнікам мясцовай ідэнтычнасці з’яўляецца памяць пра 19 манахаў і духоўных асоб, забітых у 1990-я гады, сярод якіх – сем трапістаў з Тыбірына. Іх самаахвярнасць выклікае пашану нават сярод мусульман, а былое абацтва стала месцам малітвы і сустрэчы. Візіт Льва XIV сімвалічна супадае з 30-й гадавінай тых трагічных падзей.

Праграма візіту, які пачнецца раніцай 13 красавіка 2026 года, вельмі насычаная. Папа наведае Помнік Славы і Мучаніцтва, сустрэнецца з Прэзідэнтам і наведае Вялікую мячэць. Асаблівы акцэнт будзе зроблены на дабрачыннасці: Пантыфік завітае ў цэнтр сясцёр аўгустыніянак і сустрэнецца з вернікамі ў Базіліцы Маці Божай Афрыканскай. Другі дзень падарожжа пройдзе ў Гіпоне (сённяшняя Анаба), горадзе святога Аўгустына, дзе Папа наведае пансіянат для пажылых і адправіць святую Імшу ў Базіліцы святога Аўгустына.

Гэты візіт – першы ў гісторыі прыезд Папы ў Алжыр – выходзіць за рамкі простага міжрэлігійнага дыялогу. Як адзначае кардынал Веско, гэта “дыялог жыцця”, спроба пабудаваць масты ў свеце, поўным канфліктаў, і нагадаць пра старажытныя хрысціянскія карані гэтай зямлі.

15 красавіка 2026 года Леў XIV накіруецца ў Яундэ, сталіцу Камеруна.
 

13 красавіка 2026, 08:32