Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Леў XIV пра матэматыку як прароцтва надзеі ў лічбавым свеце

Святы Айцец заклікаў матэматыкаў стаць знакам надзеі, ператвараючы лічбавую сферу ў прастору братэрства і адказнага выкарыстання новых тэхналогій.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

З нагоды Міжнароднага дня матэматыкі, які сёлета праходзіць пад дэвізам “Матэматыка і надзея”, Леў XIV скіраваў пасланне ўдзельнікам святочнага вебінара. У дакуменце, падпісаным Дзяржаўным сакратаром кардыналам П’етра Паралінам, Пантыфік заахвоціў навукоўцаў паразважаць над сваёй роляй у свеце, які сутыкаецца з імклівым тэхналагічным развіццём.

Алгарытмы і маральнае вымярэнне чалавека

Асаблівую ўвагу Святы Айцец звярнуў на даследаванні ў галіне штучнага інтэлекту і выкарыстання алгарытмаў. Паводле яго слоў, праца ў гэтай сферы патрабуе не толькі інтэлектуальных намаганняў, але і цэласнага развіцця асобы. Гэта неабходна для таго, каб ахапіць маральнае вымярэнне новых тэхналогій, якія нясуць у сабе як велізарны патэнцыял для дабра, так і рызыку зла.

Узгадваючы свой уласны досвед выкладчыка матэматыкі і фізікі, Леў XIV нагадаў словы, сказаныя ім падчас Юбілею свету адукацыі ў 2025 годзе. Тады Пантыфік падкрэсліў, што нават вялікі багаж ведаў застаецца недастатковым, калі чалавек не разумее, кім ён з’яўляецца і ў чым заключаецца сэнс яго жыцця.

Быць прарокамі праўды ў лічбавай сферы

Папа выказаў спадзяванне на тое, што навуковая супольнасць будзе ўважлівай да глыбокіх духоўных патрэб чалавечага сэрца. Ён заклікаў матэматыкаў шукаць шляхі гуманізацыі лічбавай прасторы, напаўняючы яе духам творчасці і братэрства.

На заканчэнне паслання Пантыфік пажадаў удзельнікам святочнага вебінара стаць “прарокамі надзеі, праўды і дабра” ў сучасным свеце, заклікаючы на іх Божае благаслаўленне мудрасці, радасці і міру.
 

14 сакавіка 2026, 09:03