Леў XIV: не дайце штучнаму інтэлекту замяніць дзецям сяброў
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
У лісце на імя дырэктара выдання "Avvenire" Марка Джырарда, з нагоды трыццацігоддзя дзіцячага дадатку "Popotus", Пантыфік падзяліўся глыбокімі роздумамі пра будучыню інфармацыйнай прасторы і выхавання. Леў XIV падкрэсліў, што ў часы вялікай трывогі за лёс чалавецтва менавіта дзеці могуць стаць настаўнікамі сапраўднага навяртання.
Сапраўдная чалавечнасць патрабуе захавання дзіцячага позірку на рэчаіснасць
Святы Айцец звярнуў асаблівую ўвагу на выклікі лічбавай эры. Ён перасцярог бацькоў і настаўнікаў ад "нечалавечай ідэі інфармацыі", якая можа зрабіць інтэлект і здольнасць да камунікацыі лянівымі. Паводле Папы, нельга дазваляць, каб дзеці паверылі, быццам у чат-ботах са штучным інтэлектам яны могуць знайсці "лепшых сяброў" ці "аракулаў любога ведання". Такая тэхналагічная залежнасць, як лічыць Пантыфік, здольная прытупіць крэатыўнасць і самастойнасць думкі ў падрастаючага пакалення.
Адказваючы на пытанні сучаснасці, Леў XIV заклікаў дарослых стаць апекунамі дзяцінства, каб малыя маглі быць галоўнымі героямі абноўленага свету. Прыгажосць зямлі можна аднавіць, калі глядзець на яе з "абсалютным здзіўленнем" і без прадузятасці. Папа нагадаў, што нават сталеючы, важна захоўваць у сабе мову любові, сілу ўсмешкі і мужнасць прасіць прабачэння.
Вярнуць здольнасць глядзець адно аднаму ў вочы
Звяртаючыся да слоў Езуса пра неабходнасць стаць як дзеці, Папа тлумачыць, што гэта не вяртанне назад, а валоданне ключом да разумення існага. На думку Пантыфіка, толькі бачачы разгубленыя вочы дзяцей перад тварам ваенных зверстваў, дарослыя могуць па-сапраўднаму змяніцца.
Напрыканцы свайго паслання Пантыфік выказаў удзячнасць выхавацелям за іх любоў да маленькіх "спадарожнікаў" і заклікаў дапамагаць дзецям выяўляць унутраную прыгажосць, якая з’яўляецца непаўторным дарам Бога.
