Аўдыенцыя для Прэзідэнта Сінгапура і перамовы ў Ватыкане
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Падчас візіту ў Дзяржаўны сакратарыят Прэзідэнт Сінгапура сустрэўся з Дзяржаўным сакратаром Яго Святасці, кардыналам П’етра Паралінам, якога суправаджаў арцыбіскуп Пол Рычард Галахер, сакратар па адносінах з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі.
Як паведамляе Зала Друку, падчас сардэчных перамоў у Дзяржсакратарыяце былі адзначаны добрыя адносіны паміж Апостальскай Сталіцай і Сінгапурам. Асобнае прызнанне атрымала гарманічнае суіснаванне розных культур і рэлігій у краіне, а таксама ўклад Каталіцкага Касцёла ў агульнае дабро грамадства.
Размова таксама выйшла на глабальны ўзровень, закрануўшы актуальныя выклікі сучаснасці. Адбыўся абмен думкамі па міжнароднай і рэгіянальнай сітуацыі. Бакі падкрэслілі жыццёвую важнасць падтрымкі і абнаўлення існуючых механізмаў шматбаковай сістэмы для забеспячэння стабільнасці і міру.
