Пошук

Леў XIV прыняў караля і каралеву Іспаніі

Раніцай 20 сакавіка 2026 года Леў XIV прыняў на аўдыенцыі ў Апостальскім палацы караля Іспаніі Філіпа VI і каралеву Летыцыю.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Пасля сустрэчы з Пантыфікам іспанскія манархі правялі перамовы з Дзяржаўным сакратаром Яго Святасці кардыналам П’етра Паралінам і арцыбіскупам Полам Рычардам Галахерам, сакратаром па адносінах з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі.

Як паведамляецца ў афіцыйнай заяве Залы Друку Святога Пасада, падчас сустрэчы бакі выказалі задавальненне добрымі адносінамі паміж Святым Пасадам і Іспаніяй.

Асобная ўвага была нададзена будучаму апостальскаму падарожжу Льва XIV у Іспанію, якое стане значным момантам для двухбаковых стасункаў. У гэтым кантэксце ўдзельнікі сустрэчы абмеркавалі шэраг актуальных пытанняў, што тычацца сітуацыі ў краіне, а таксама закранулі тэму місіі Касцёла ў сучасным грамадстве.

Дыялог завяршыўся разглядам тэм рэгіянальнага і міжнароднага характару. Бакі падкрэслілі важнасць няспынных намаганняў у падтрымку міру і неабходнасць умацавання прынцыпаў і каштоўнасцей, якія з’яўляюцца падмуркам міжнароднага суіснавання.
 

20 сакавіка 2026, 15:17