Леў XIV: самалёты павінны быць пасланцамі міру, а не вайны
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Падчас сустрэчы з прадстаўнікамі італьянскага нацыянальнага перавозчыка “ITA Airways” і дэлегацыяй групы “Lufthansa”, Папа выказаў шчырую ўдзячнасць за іх адказную працу.
Пантыфік нагадаў, што гісторыя папскіх падарожжаў паветрам, якая пачалася яшчэ пры святым Паўле VI, заўсёды была цесна звязана з італьянскай грамадзянскай авіяцыяй. Ён адзначыў не толькі высокі прафесіяналізм супрацоўнікаў, але і іх здольнасць ствараць асаблівую, амаль сямейную атмасферу падчас міжнародных візітаў.
Звяртаючыся да прысутных, Леў XIV падзяліўся планамі на будучыню, адзначыўшы, што праз дваццаць дзён зноў скарыстаецца паслугамі авіякампаніі для свайго падарожжа ў Афрыку. Паводле яго слоў, візіты Пантыфіка павінны ўспрымацца як місія пасланніка міру, дзе авіяцыйныя маршруты ператвараюцца ў масты для дыялогу, сустрэчы і братэрства.
Святы Айцец выступіў з рэзкім асуджэннем выкарыстання авіяцыі ў ваенных мэтах. Ён падкрэсліў, што самалёты заўсёды павінны быць носьбітамі міру і ніколі – вайны. Леў XIV са шкадаваннем канстатаваў, што нягледзячы на трагічны досвед мінулага стагоддзя, авіяцыйныя бамбардзіроўкі ўсё яшчэ існуюць, а тэхналагічны прагрэс часам ставіцца на службу разбурэнню.
Завяршаючы сваю прамову, Святы Айцец заклікаў авіятараў працягваць пракладваць у небе маршруты міру. Ён удзяліў благаслаўленне ўсім супрацоўнікам авіякампаній і іх сем’ям, пажадаўшы поспехаў на шляху далейшага развіцця “ITA Airways” і групы “Lufthansa”.
