Пошук

Удзельнікі курса па ўнутраным форуме, які праводзіцца Апостальскай Пенітэнцыярыяй, на аўдыенцыі ў Льва XIV Удзельнікі курса па ўнутраным форуме, які праводзіцца Апостальскай Пенітэнцыярыяй, на аўдыенцыі ў Льва XIV  (@VATICAN MEDIA)

Папа спаведнікам: не пакідайце скарб міласэрнасці невыкарыстаным

Леў XIV назваў сакрамэнт пакаяння “майстэрняй адзінства”, здольнай прынесці ўнутраны супакой чалавеку і паспрыяць міру ва ўсім свеце.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

13 сакавіка 2026 года падчас сустрэчы з удзельнікамі адмысловага курса Апостальскай Пенітэнцыярыі, Папа звярнуўся да будучых і актуальных спаведнікаў. Ён са шкадаваннем адзначыў, што сёння многія хрысціяне пакідаюць “бясконцы скарб міласэрнасці” невыкарыстаным, застаючыся ў стане граху замест таго, каб з простай верай прыйсці да спавядальні.

Аднаўленне сувязі з Створцам праз прызнанне ўласнай адказнасці

Леў XIV патлумачыў, што грэх не можа разарваць анталагічную залежнасць стварэння ад Бога, але ён разбурае духоўнае адзінства з Ім. Прызнанне сваёй правіны, асабліва ў перыяд Вялікага посту, становіцца магчымасцю “дамовіцца” з Богам і вярнуць страчаную гармонію.

Агульнае фота з Папам
Агульнае фота з Папам   (@Vatican Media)

Пантыфік падкрэсліў: адмаўленне таго, што грэх разбурае гэтае адзінства, з’яўляецца непрызнаннем годнасці чалавека, які застаецца вольным і адказным за свае ўчынкі. У гэтым кантэксце ён задаў рытарычнае пытанне: ці маюць тыя хрысціяне, якія нясуць сур’ёзную адказнасць за ўзброеныя канфлікты, пакору і мужнасць зрабіць рахунак сумлення і пакаяцца?

Спаведнік як будаўнік Касцёла і прасторы супакою

Сакрамэнт пакаяння не толькі ацаляе душу асобы, але і будуе сам Касцёл, узбагачаючы яго абноўленай святасцю. Пантыфік нагадаў пра святых, якія дасягнулі дасканаласці менавіта ў спавядальні, такіх як Ян Марыя Віянэй, Леапольд Мандзіч, Піо з П’етрэльчыны і бласлаўлёны Міхал Сапоцька. Ён заклікаў святароў заставацца супрацоўнікамі “майстэрні адзінства”, бо толькі прыміраны чалавек здольны жыць без зброі і станавіцца інструментам сапраўднага міру ў грамадстве.

На заканчэнне Святы Айцец заклікаў саміх душпастыраў не забывацца рэгулярна прыступаць да гэтага сакрамэнту, каб быць першымі атрымальнікамі той міласэрнасці, служыцелямі якой яны з’яўляюцца.
 

13 сакавіка 2026, 11:56