Прэзідэнт Аўстрыі прыняты на аўдыенцыі ў Ватыкане
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Раніцай 5 сакавіка 2026 года ў Апостальскім палацы адбылася сустрэча Пантыфіка з Прэзідэнтам Аўстрыі. Пасля аўдыенцыі Аляксандр Ван дэр Бэлен сустрэўся з кардыналам П’етра Паралінам, Дзяржаўным сакратарам Яго Святасці, якога суправаджаў арцыбіскуп Пол Рычард Галахер.
Падчас размовы ў Дзяржаўным сакратарыяце было выказана задавальненне добрым станам адносін паміж Апостальскай Сталіцай і Аўстрыяй. Асабліва быў адзначаны станоўчы ўклад Каталіцкага Касцёла ў прасоўванне агульнага дабра ў аўстрыйскім грамадстве. Таксама былі закрануты актуальныя тэмы міграцыі і дыялогу паміж рэлігіямі.
Значная ўвага падчас перамоў была ўдзелена міжнароднай сітуацыі, у прыватнасці шматлікім зонам узброеных канфліктаў. Бакі выказалі пажаданне, каб міжнародная супольнасць прымала больш актыўны ўдзел у пошуку мірных і справядлівых рашэнняў для ўрэгулявання спрэчак.
