Прэм’ер-міністр Літвы здзейсніла візіт у Ватыкан

Адносіны паміж Апостальскай Сталіцай і Літвой, уклад Касцёла ў жыццё літоўскага грамадства, канфлікты ва Украіне і на Блізкім Усходзе – гэта былі асноўныя тэмы візіту старшыні ўрада Літвы ў Ватыкан.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

7 сакавіка 2026 года Леў XIV прыняў на аўдыенцыі ў ватыканскім Апостальскім палацы прэм’ер-міністра Літвы Інгу Ругінене, якая затым сустрэлася з арцыбіскупам Полам Рычардам Галахерам, сакратаром па адносінах з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі.

“Падчас сардэчных размоў у Дзяржаўным сакратарыяце выказвалася задавальненне добрымі адносінамі паміж Святым Пасадам і Літвой, адзначаўся станоўчы ўклад Каталіцкага Касцёла на карысць годнасці чалавека і агульнага дабра грамадства”, - гаворыцца ў афіцыйным камюніке Залы Друку Апостальскай Сталіцы.

Паведамляецца таксама, што бакі абмеркавалі некаторыя пытанні міжнароднага характару, з асаблівай увагай на канфлікты ва Украіне і на Блізкім Усходзе, выказваючы надзею на тое, што на ўсіх узроўнях будуць прыкладацца намаганні для пошуку дыпламатычных рашэнняў, якія дазволяць пакласці канец вайне.
 

07 сакавіка 2026, 12:17