Пошук

Молімся разам з Папам: аб раззбраенні і міры

Святы Айцец заклікае ўвесь Касцёл маліцца разам з ім аб раззбраенні і міры. Відэаролік з інтэнцыяй на сакавік 2026 года распаўсюдзіла Папская сусветная сетка малітвы.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“Молімся, каб краіны імкнуліся да эфектыўнага раззбраення, асабліва ядзернага, і каб сусветныя лідары абралі шлях дыялогу і дыпламатыі замест гвалту”, - так гучыць малітоўная інтэнцыя Льва XIV.

Створаныя для адзінства і братэрства

У відэароліку ініцыятывы “Молімся разам з Папам“ Пантыфік чытае малітву, у якой нагадвае, што Бог стварыў людзей на свой вобраз і падабенства – стварыў “для адзінства, а не для вайны, для братэрства, а не для разбурэння”.

Абраць шлях дыялогу і дыпламатыі

“Ты, які вітаў сваіх вучняў словамі: “Супакой вам”, адары нас сваім супакоем і сілай зрабіць яго рэальным у гісторыі. Сёння мы ўзносім нашу просьбу аб міры ў свеце, просім, каб народы адмовіліся ад зброі і абралі шлях дыялогу і дыпламатыі”, - кажа Папа.

Бяспека грунтуецца за даверы

Пантыфік просіць Бога раззброіць сэрцы ўсіх людзей ад нянавісці, крыўды і абыякавасці, каб яны маглі стаць прыладамі прымірэння. “Дапамажы нам зразумець, што сапраўдная бяспека грунтуецца не на кантролі, падсілкаваным страхам, а на даверы, справядлівасці і салідарнасці паміж народамі”, - кажа Святы Айцец.

Адмовіцца ад смяротных задум

“Пане, прасвятлі кіраўнікоў народаў, каб яны мелі мужнасць адмовіцца ад смяротных задум, спыніць гонку ўзбраенняў і паставіць у цэнтр жыццё найбольш уразлівых. Няхай пагроза ядзернай вайны больш ніколі не вызначае будучыню чалавецтва”, - просіць Пантыфік.

Стаць вернымі будаўнікамі штолдзённага міру

“Духу Святы, рабі нас вернымі і творчымі будаўнікамі штодзённага міру: у нашых сэрцах, сем’ях, супольнасцях і гарадах. Няхай кожнае ласкавае слова, кожны чын прымірэння і кожнае рашэнне на карысць дыялогу стануць насеннем новага свету”, - завяршае малітву Святы Айцец.
 

05 сакавіка 2026, 12:25