Пошук

Кароль Іспаніі Філіп VI і каралева Летысія Кароль Іспаніі Філіп VI і каралева Летысія  (ANSA)

Пантыфік сустрэнецца ў Ватыкане з каралём і каралевай Іспаніі

20 сакавіка 2026 года Леў XIV прыме ў Ватыкане манархаў Іспаніі – караля Філіпа VI і каралеву Летысію. Візіт адбудзецца за тры месяцы да падарожжа Папы ў гэтую краіну.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Пасля аўдыенцыі іспанская каралеўская пара адправіцца ў Базіліку Санта-Марыя-Маджорэ, дзе падчас урачыстай цырымоніі, якую ўзначаліць кардынал Раландас Макрыцкас, кароль Філіп VI прыме тытул ганаровага протаканоніка базілікі.

Старажытныя сувязі

Базіліка Санта-Марыя-Маджорэ мае старажытныя сувязі з Іспаніяй. Гэты храм карыстаўся асаблівай пашанай і любоўю многіх іспанскіх рэлігійных і дзяржаўных дзеячаў. У XVII стагоддзі пры ім узнікла іспанскае дабрачыннае брацтва.

У 1953 годзе Пій XII выдаў булу “Hispaniarum fidelitas”, якой устанавіў, што галава іспанскай дзяржавы ўключаецца ў капітул базілікі як ганаровы протаканонік. Дакумент прадугледжвае таксама, што ў складзе капітула заўсёды павінен быць канонік іспанскай нацыянальнасці і што кожны год у базіліцы павінны цэлебравацца тры святыя Імшы ў інтэнцыі росквіту іспанскага народа і кіраўніка іспанскай дзяржавы.

Філіп VI стане трэцім іспанскім манархам у гісторыі, які наведае Базіліку Санта-Марыя-Маджорэ пасля Альфонса XIII і Хуана Карласа I, візіты якіх праходзілі адпаведна ў 1923 і 1977 гадах.

Запрашэнне наведаць Іспанію

Кароль Філіп VI і каралева Летысія сустракаліся з Львом XIV у маі 2025 года, пасля святой Імшы на пачатак яго пантыфікату. Падчас гэтай сустрэчы яны запрасілі Папу наведаць Іспанію.

Падарожжа Пантыфіка ў гэтую краіну адбудзецца з 6 па 12 чэрвеня і будзе ўключаць Мадрыд, Барселону і Канарскія астравы. Леў XIV стане першым Папам, які наведае Іспанію пасля Бэнэдыкта XIV, візіт якога праходзіў у 2011 годзе.

Апошні візіт іспанскіх манархаў у Ватыкан адбыўся ў чэрвені 2014 года, калі іх прыняў Францішак.
 

14 сакавіка 2026, 11:50