Папа ў рымскай парафіі: мы ўсе можам быць носьбітамі прымірэння
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Першымі Святога Айца прывіталі самыя маладыя вернікі – перад касцёлам яго чакалі дзеці, якія рыхтуюцца да прыняцця першай Святой Камуніі, парафіяльная моладзь і скаўты. Некалькі хлопчыкаў і дзяўчынак з Украіны, апранутыя ў традыцыйныя народныя строі, перадалі Папу ліст з просьбай аб малітве за іх радзіму.
Быць будаўнікамі міру і носьбітамі прымірэння
У размове Льва XIV з дзецьмі і моладдзю закраналіся розныя тэмы, у тым ліку актуальная неспакойная сітуацыя ў свеце. Пантыфік заклікаў маладых парафіян быць будаўнікамі міру ў сваіх асяроддзях.
“Пазбягайце любых форм гвалту, нянавісці, таго, што выклікае падзелы, і старайцеся ўсе быць міратворцамі, носьбітамі прымірэння ў сучасным свеце. Так, ад самага маленства, мы можам навучыцца быць будаўнікамі міру, што па-сапраўднаму неабходна ў нашым сучасным свеце”, - сцвердзіў Пантыфік.
Сустракаць Езуса ў клопаце пра іншых
Святы Айцец таксама нагадаў пра важнасць малітвы. Ён заахвоціў давяраць Хрысту свае цяжкасці і турботы, маліцца за людзей, якія пакутуюць, а таксама знаходзіць Яго ў клопаце пра іншых і ў сяброўстве.
“Адна з цудоўных рэчаў – гэта парафія: яна падобная да “сада”, куды людзі могуць прыйсці, каб знайсці Езуса Хрыста, знайсці супольнасць веры і дапамогу, якой патрабуюць”, - сказаў Леў XIV, падкрэсліваючы, што вернікі пакліканы быць святлом і сведчаннем для іншых.
Годнасць Божых дзяцей
Падчас сустрэчы Пантыфік падзякаваў валанцёрам парафіяльнага “Caritas” за служэнне найбольш уразлівым і за тое, што праз сваю дзейнасць яны становяцца знакам Божай любові. Пажылых і хворых вернікаў ён заклікаў памятаць пра сваю годнасць Божых дзяцей, якая не знікае з узростам ці хваробай.
“Я хацеў бы падкрэсліць адну рэч: кожны з вас, нават самы пажылы чалавек, самы хворы, самы слабы – кожны з вас мае вялізарную каштоўнасць, бо мы ўсе створаны на вобраз Божы, усе маем годнасць дзяцей Божых”, - нагадаў Святы Айцец.
Касцёл, які выходзіць насустрач іншым
Звяртаючыся да душпастырскай рады і духавенства, Пантыфік пажадаў, каб парафія была знакам Касцёла, які выходзіць насустрач людзям. Ён заклікаў пастыраў клапаціцца пра духоўнае жыццё парафіяльнай супольнасці, развіваць яе місіянерскае вымярэнне і падтрымліваць сем’і ў перадачы веры.
