Папа: гвалт – мяжа, якая аддзяляе цывілізацыю ад варварства
Аляксандр Панчанка – Vatican News
“Як мы можам патлумачыць гвалт, які шмат мужчын ужываюць да жанчын? Што мы можам зрабіць і што ўжо робім, каб спыніць гэту культуру?”, - спытала ў Святога Айца Джавана з Рыма, выказваючы ўпэўненасць у тым, што яго слова можа дасягнуць многіх сэрцаў.
Падтрымліваць жаночы геній
У сваім адказе Пантыфік адзначыў, што праблема гвалту ў адносінах да жанчын выклікае ў яго глыбокі боль. “У свеце, дзе часта пераважае гвалтоўнае мысленне, патрэбна было б яшчэ больш падтрымліваць жаночы геній”, - напісаў ён, нагадваючы словы святога Яна Паўла ІІ пра тое, што геній жанчын, пратаганістак і стваральніц культуры клопату і братэрства, мае важнае значэнне для забеспячэння будучыні і годнасці ўсяго чалавецтва.
Жанчыны – знак, якому супраціўляецца сучасная культура
“Магчыма, жанчын збіваюць і забіваюць, бо яны з’яўляюцца знакам, якому супраціўляецца гэтае заблытанае, нявызначанае і жорсткае грамадства”, - напісаў Папа.
Ён падкрэсліў, што жанчыны ўказваюць на каштоўнасці веры, свабоды, роўнасці, плённасці, надзеі, салідарнасці і справядлівасці. Менавіта супраць гэтых каштоўнасцяў выступае небяспечны менталітэт, які атручвае адносіны паміж людзьмі, спараджаючы эгаізм, забабоны, дыскрымінацыю і прагу панавання.
Гвалт – мяжа паміж цывілізацыяй і варварствам
Пантыфік заўважыў, што такія погляды часта перарастаюць у гвалт, што, на жаль, пацвярджаюць шматлікія выпадкі фемініцыду.
“Гвалт – гэта мяжа, якая аддзяляе цывілізацыю ад варварства. Ніколі нельга недаацэньваць гвалтоўныя дзеянні, і мы не павінны баяцца заяўляць пра іх”, - падкрэсліў Святы Айцец.
Аб’яднаць намаганні ў барацьбе з гвалтам супраць жанчын
Папа адзначыў важнасць аб’яднання намаганняў для прасоўвання культуры ненасілля і ўзаемнай павагі.
“Касцёл разам з сем’ямі, школамі, парафіямі, рухамі і асацыяцыямі, манаскімі кангрэгацыямі і дзяржаўнымі ўстановамі можа супрацоўнічаць у тэрміновай рэалізацыі канкрэтных праектаў, накіраваных на прадухіленне і спыненне гвалту супраць жанчын. Мы павінны пачаць з выхавання моладзі, пераканаць яе, што кожны чалавек заслугоўвае павагі – і мужчыны, і жанчыны, усе мы”, - заўважыў Леў XIV.
