Папа наведае парафію ля рымскай турмы “Рэбібія”
Марыя Валодзіна - Vatican News
Візіт Папы ў гэту парафію Рымскай дыяцэзіі стане пятым па ліку. Святы Айцец прыбудзе туды каля 16:00. У двары араторыя яго будуць сустракаць дзеці, моладзь і іх сем’і. У памяшканні парафіі ён сустрэнецца з хворымі, беднымі і бяздомнымі, якія карыстаюцца парафіяльнымі душавымі кабінамі. Іх будуць суправаджаць валанцёры “Caritas” і Супольнасці святога Эгідзія.
Пасля Святой Імшы, якая пачнецца ў 17:00, Святы Айцец сустрэнецца з парафіяльнай пастырскай радай і духавенствам. Затым ён развітаецца з вернікамі і вернецца ў Ватыкан.
"Вестка пра візіт Папы выклікала вялікае хваляванне. Шмат людзей, нават тыя, хто звычайна не наведваюць парафію, жадаюць дапамагчы”, - падзяліўся пробашч Фрэнсіс Рэфала з Мальты.
На тэрыторыі парафіі знаходзіцца турма “Рэбібія”. "Гэтае суседства – асаблівае пакліканне нашай парафіі. Мы тут не выпадкова, і павінны адказаць на гэтую рэальнасць. Ёсць ідэя зрабіць аднапакаёвыя кватэры для тых, хто атрымлівае часовы дазвол на выхад з турмы", - распавёў ксёндз Рэфала.
Акрамя зняволеных, у парафіі надаюць вялікую ўвагу пажылым і хворым, а таксама моладзі, для якой створаны летні араторый. Таксама ў гэтым раёне жыве мноства замежнікаў з такіх краін, як Перу, Філіпіны, Бангладэш і Пакістан. Для падтрымкі мігрантаў у парафіі дзейнічаюць цэнтр слухання і школа італьянскай мовы.
