Пантыфік да факаляраў: сведчыць пра еднасць у раз’яднаным свеце
Марыя Валодзіна - Vatican News
Пантыфік цёпла прывітаў удзельнікаў сустрэчы, у тым ліку кіраўніцтва руху – старшыню Маргарэт Карам, пераабраную на другі тэрмін, і новага сустаршыню ксяндза Раберта Эўлогіа Альмада. Ён нагадаў, што рух факаляраў узнік з харызмы Слугі Божай К’яры Любіч, а яго галоўнае пасланне – гэта адзінства паміж людзьмі, якое адлюстроўвае адзінства Хрыста з Айцом.
У свеце, у якім атрута падзелаў і канфрантацыі забруджвае сэрцы і сацыяльныя адносіны, асабліва важна сведчыць пра адзінства, дыялог, прабачэнне і мір. Папа адзначыў, што ў гэты гістарычны момант рух факаляраў закліканы служыць процівагай для многіх сейбітаў нянавісці, якія імкнуцца вярнуць чалавецтва да варварства і гвалту.
Леў XIV звярнуў увагу на неабходнасць празрыстасці ў кіраўніцтве рухам. Ён падкрэсліў, што празрыстасць, з аднаго боку, з'яўляецца умовай даверу, з другога боку, усе ўдзельнікі павінны адчуваць сваю адказнасць за харызму супольнасці. Таксама важна адрозніваць галоўныя каштоўнасці руху ад другарадных практык, ад якіх можна адмовіцца, - лічыць ён.
Пантыфік нагадаў, што адзінства руху не азначае аднолькавасць, аднастайнасць думкі і ладу жыцця. Кожны чалавек мае права на ўласную думку і свабоду сумлення. К'яра Любіч сцвярджала, што перадумовай кожнай нормы з'яўляецца міласэрнасць. Таму неабходна, каб адзінства заўсёды грунтавалася на ўзаемнай любові, якая патрабуе велікадушнасці, добразычлівасці і павагі.
Леў XIV узнёс падзяку Пану за вялікую духоўную сям'ю, якая нарадзілася з харызмы К'яры Любіч, асобна адзначыўшы ролю моладзі, сем’яў, біскупаў, святароў і кансэкраваных асоб, і заклікаў іх працягваць шлях малітвы і дыялогу.
