Папа: тэалогія павінна служыць Евангеллю і адказваць на выклікі часу

Леў XIV заклікаў тэолагаў з італьянскіх рэгіёнаў Апулія і Калабрыя “заставацца ў адкрытым моры” – не баяцца новых гарызонтаў, паглыбляцца ў таямніцу веры і шукаць сучасныя мовы евангелізацыі.

Марыя Валодзіна - Vatican News

2 сакавіка 2026 года Папа сустрэўся з прадстаўнікамі Тэалагічнага факультэта Апуліі і Тэалагічнага інстытута Калабрыі, падкрэсліўшы важнасць тэалагічнай фармацыі для місіі Касцёла. Цёпла вітаючы гасцей, ён выкарыстаў вобраз мора, якое абмывае іх рэгіёны, і заклікаў іх “заставацца ў адкрытым моры” і не шукаць прытулку ў бяспечных гаванях. Святы Айцец заклікаў студэнтаў і выкладчыкаў смела “плысці на глыбіню” – як у даследаванні таямніцы Бога, так і ў пошуку новых моў і формаў евангелізацыі ў сучасным свеце.

Тэалогія як служэнне Евангеллю

Пантыфік асабліва падкрэсліў, што тэалогія з’яўляецца неад’емнай і фундаментальнай часткай місіі Касцёла і служыць абвяшчэнню Евангелля. Такім чынам, тэалагічная падрыхтоўка – гэта не занятак нешматлікіх спецыялістаў, а заклік, звернуты да ўсіх, каб кожны мог паглыбіцца ў таямніцу веры і атрымаць інструменты, карысныя для перадачы Евангелля.

Адзінства як гістарычны крок

Папа надаў асаблівую ўвагу працэсу аб’яднання навучальных структур у Апуліі і Калабрыі. Ён назваў такое аб’яднанне “важнай сінэргіяй” і “гістарычным пераходам”, які спрыяе камуніі паміж дыяцэзіямі і дапамагае пераадольваць старажытныя мясцовыя падзелы.

Леў XIV заахвоціў гасцей “займацца тэалогіяй разам”. На яго думку, супольная фармацыя пашырае інтэлектуальныя, духоўныя і пастырскія гарызонты, рыхтуе будучых святароў і душпастыраў да сінадальнага стылю служэння і робіць Касцёл больш здольным адказваць на сацыяльныя і культурныя выклікі грамадства.

Адказ на сацыяльныя выклікі

Папа згадаў пра праблемы, з якімі сутыкаюцца рэгіёны поўдня Італіі: працоўны крызіс, эміграцыю, формы прыгнёту і несправядлівасці. Ён адзначыў, што якасная тэалагічная адукацыя можа фарміраваць крытычнае і прарочае мысленне, здольнае супрацьстаяць абыякавасці і роспачы.

Напрыканцы сустрэчы Пантыфік заклікаў прысутных працягваць пачаты шлях з энтузіязмам і не паддавацца спакусе вяртання назад. Ён запрасіў іх марыць аб акадэмічнай супольнасці, у якой разам фармуюцца кандыдаты да святарства, кансэкраваныя асобы і свецкія вернікі, каб дапамагаць хрысціянскім супольнасцям станавіцца знакамі Евангелля і надзеі.

02 сакавіка 2026, 11:40