Пантыфік: малюся аб міры і хрысціянскім росквіце для Манака

“Я дзякую Богу за тое, што Ён даў мне магчымасць наведаць Княства Манака і малюся аб шчодрых дарах міру і хрысціянскага росквіту для княжацкай сям’і, уладаў і грамадзян”, - напісаў Папа ў кнізе ганаровых гасцей Княжацкага палацу ў Манака.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Першым пунктам Апостальскага падарожжа Папы ў Манака стала рэзідэнцыя княжацкай сям’і. У палацавым дворыку яго цёпла прывітаў князь Альберт ІІ, княгіня Шарлен і іх дзеці.

Пасля ўрачыстай прывітальнай цырымоніі з удзелам ганаровай варты і выкананнем дзяржаўных гімнаў Леў XIV і Альберт II правялі кароткую прыватную размову. Затым адбыўся традыцыйны абмен падарункамі і афіцыйная фотасесія.

Адным з дароў, якія князь Альберт ІІ уручыў Папу, было спецыяльнае выданне ілюстраванай кнігі ў скураной вокладцы, прысвечанай продкам Льва XIV з Ментоны і Манака. На яе старонках былі размешчаны генеалагічныя дадзеныя і выявы Манака ў тую эпоху, калі там жылі продкі Святога Айца.

Пантыфік, у сваю чаргу, падарыў Альберту ІІ мазаіку з выявай святога Францішка Асізскага, натхнёную знакамітай фрэскай Чымабуэ, якая знаходзіцца ў ніжняй базіліцы святога Францішка ў Асізі і датуецца апошнімі дзесяцігоддзямі XIII стагоддзя.
 

28 сакавіка 2026, 11:50