Пошук

Пантыфік: адкрытасць – сведчанне жыцця ў духу Евангелля

Падчас візіту ў рымскую парафію Найсвяцейшага Сэрца Езуса Папа падзякаваў вернікам за служэнне мігрантам, бяздомным і вязням, назваўшы іх супольнасць знакам надзеі ў сучасным свеце.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

15 сакавіка 2026 года Леў XIV наведаў парафію Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў рымскім раёне Понтэ Мамала, завяршыўшы серыю пастырскіх візітаў у перыферыйныя парафіі Рымскай дыяцэзіі, якія здзяйсняў на працягу апошняга месяца.

На гэты раз Святы Айцец адправіўся на паўночна-усходнюю ўскраіну Вечнага горада – у квартал, на тэрыторыі якога знаходзіцца турма “Рэбібія”. Гэты раён характарызуецца рознымі сацыяльнымі праблемамі, але таксама і моцнай сеткай салідарнасці.

Пантыфік сустрэўся з рознымі групамі вернікаў, якім падзякаваў за адкрытасць і служэнне мігрантам, бяздомным і вязням. Ён параўнаў дзейнасць парафіян з тым, як жылі першыя хрысціянскія супольнасці: у іх ласка хросту, умацаваная малітвай і будаваннем братэрскіх сувязяў, дапамагала несці святло Хрыста ў свет.

“Любоў і міласэрнасць – гэта вялікі выраз бязмежнага Бога; а бязмежнае ў Богу – гэта Яго любоў, Яго ласка, Яго міласэрнасць. Гэта тое, што ў гэтай парафіі асаблівым чынам адчуваюць шмат людзей”, - сказаў Леў XIV.

Святы Айцец высока ацаніў удзел парафіяльнай супольнасці ў працы па інтэграцыі замежнікаў. Пантыфік адзначыў каштоўнасць гэтай дзейнасці ў свеце, схільным закрывацца на іншых, нагадаўшы, што яна сведчыць пра жыццё ў духу Евангелля, на старонках якога Езус параўноўвае самога сябе з падарожнымі.

Леў XIV падкрэсліў, што парафія з’яўляецца знакам надзеі ў сучасным свеце, менавіта дзякуючы здольнасці быць адкрытай на тых, хто мае патрэбу. “Як парафія вы стварылі супольнасць, якая сапраўды ўмее прымаць. І за гэта я шчыра дзякую вам, бо гэта знак надзеі ў свеце, у якім боль, пакуты і цяжкасці часта бываюць занадта вялікімі”, - падкрэсліў Папа.
 

16 сакавіка 2026, 10:39