Леў XIV: місія вайскоўцаў патрабуе каштоўнасцяў Евангелля

Капеланы пакліканы натхняць місію вайскоўцаў каштоўнасцямі Евангелля , - падкрэсліў Леў XIV 7 сакавіка 2026 года, прымаючы на аўдыенцыі членаў Вайсковага ардынарыяту Італіі з нагоды яго 100-годдзя.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

“Ваша служэнне – гэта чын любові да краіны, зямлі і асабліва да людзей, які праяўляецца ў канкрэтнай блізкасці”, - сказаў Пантыфік, заклікаючы вайсковых капеланаў пасвіць статак Пана, даручаны ім, ставячы на першае месца не ўласныя інтарэсы, а хвалу Бога.

Капелан – прылада адзінства

Леў XIV адзначыў, што клопат капелана пра вайскоўцаў выяўляецца ў “сведчанні жыцця, абвяшчэнні Евангелля, цэлебрацыі Эўхарыстыі і сакрамэнтаў, цярплівым слуханні і духоўным суправаджэнні”.

“У гэтым кантэксце асаблівае значэнне мае фармацыйны кантэкст: акадэміі, школы і цэнтры падрыхтоўкі – месцы, дзе фарміруецца сумленне. У грамадстве, пазначаным чалавечай мабільнасцю і культурным плюралізмам, капелан служыць таксама дыялогу паміж народамі, культурамі і рэлігіямі, будучы сведкам Касцёла, які становіцца прыладай адзінства”, - сказаў Пантыфік, падкрэсліваючы, што духоўная дзейнасць капеланаў павінна спрыяць агульнаму дабру і грамадскаму міру.

“Паколькі людзі грэшныя, небяспека вайны будзе пагражаць ім аж да прыйсця Хрыста. А калі яны, паяднаныя ў любові, перамагаюць грэх, то пераадольваецца і насілле”, - нагадаў Папа словы з пастырскай канстытуцыі Другога Ватыканскага Сабора “Gaudium et spes”.

Служэнне вайскоўца патрабуе соку Евангелля

Леў XIV падкрэсліў, што вайскоўцы пакліканы абараняць слабых, ахоўваць мірнае суіснаванне, дапамагаць падчас бедстваў, удзельнічаць у міжнародных місіях па падтрыманні міру і аднаўленні парадку.

“Усё гэта не можа быць зведзена да простай прафесіі: гэта пакліканне, адказ на заклік, які грукае да сумлення. Тоеснасць вайскоўца ўключае шчодрасць, дух служэння, высокія імкненні і глыбокія пачуцці. Але гэтыя каштоўнасці патрабуюць асновы – дару Божай ласкі, здольнага падсілкоўваць любоў да поўнай самааддачы. Таму неабходна натхняць кодэксы, нормы і місіі ваеннага жыцця сокам Евангелля, каб у служэнні бяспецы і міру агульнае дабро народаў заўсёды было на першым месцы”, - падкрэсліў Леў XIV.

Вартаўнікі міру і справядлівасці

“Вы пакліканы абараняць слабых, ахоўваць сумленных, спрыяць мірнаму суіснаванню паміж народамі. Кожнаму з вас належыць роля вартаўніка, які глядзіць далёка наперад, каб прадухіліць небяспеку і спрыяць справядлівасці і міру паўсюль”, - працытаваў ён словы святога Яна Паўла ІІ, скіраваныя да вайскоўцаў.
 

07 сакавіка 2026, 12:23