Папа ў Пальмовую нядзелю: Бог ёсць любоў, складзіце зброю!

У Пальмовую нядзелю Леў XIV заклікаў ісці за Езусам Хрыстом шляхам крыжа, сузіраючы Ягоную ахвяру любові, і нагадаў: Бог ёсць любоў, таму чалавецтва павінна адмовіцца ад гвалту і скласці зброю.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“У той час як Езус праходзіць крыжовы шлях, давайце пойдзем за Ім, будзем ісці Ягонымі слядамі. Ідучы разам з Ім, давайце сузіраць Ягоную муку за чалавецтва, Ягонае спакутаванае сэрца, Ягонае жыццё, якое становіцца дарам любові”, - заклікаў Папа ў гаміліі падчас святой Імшы, якую цэлебраваў 29 сакавіка 2026 года на Плошчы Святога Пятра ў Ватыкане.

“Паглядзім на Езуса, які прадстае як Кароль супакою, калі вакол Яго ідзе падрыхтоўка да вайны; на Езуса, які застаецца непахісным у лагоднасці, калі іншыя шалеюць у гвалце; паглядзім на Таго, які дорыць сябе як ласкавы жэст для чалавецтва, у той час як іншыя хапаюцца за мячы і кіі; на Таго, які з’яўляецца святлом свету, калі цемра рыхтуецца агарнуць зямлю; на Езуса, які прыйшоў, каб прынесці жыццё, у той час як спаўняецца задума асуджэння Яго на смерць.

Як Кароль супакою, Езус прагне прымірыць свет у абдымках Айца і разбурыць усе муры, што аддзяляюць нас ад Бога і бліжняга, бо “Ён – наш супакой” (Эф 2,14).

Як Кароль супакою, Ён уязджае ў Ерузалем вярхом на асле, а не на кані, спаўняючы старажытнае прароцтва, якое заклікала радавацца прыйсцю Месіі: “Вось кароль твой ідзе да цябе, справядлівы і збаўчы, пакорны, які едзе на асле,
на асляняці, дзіцяці асліцы. І знішчу калясніцы з Эфраіма і коней з Ерузалема, і зламаны будзе баявы лук; і Ён абвесціць народам мір” (Зах 9, 9-10).

Як Кароль супакою, калі адзін з Ягоных вучняў выняў меч, каб абараніць Яго, і ўдарыў слугу першасвятара, Ён адразу спыніў яго, кажучы: “Схавай меч свой, бо кожны, хто бярэ меч, ад мяча і загіне” (Мц 26,52).

Як Кароль супакою, калі браў на сябе цяжар нашых пакут і быў прабіты за нашы правіны, Ён “нават не адкрыў вуснаў сваіх, як ягня, якое вядуць на зарэз, і як авечка, нямая перад абліччам тых, якія стрыгуць яе” (Іс 53,7). Не ўзбройваўся, не абараняўся, не вёў ніякай вайны. Ён аб’явіў лагоднае аблічча Бога, які заўсёды адкідае гвалт, і, замест таго, каб збавіць сябе, дазволіў прыбіць сябе да крыжа, каб агарнуць усе крыжы, пастаўленыя ў кожны час і ў кожным месцы ў гісторыі чалавецтва.

Браты і сёстры, гэта наш Бог: Езус, Кароль супакою. Гэта Бог, які адкідае вайну, якога ніхто не можа выкарыстоўваць для апраўдання вайны, які не слухае малітвы тых, хто вядзе вайну, і не прымае іх, кажучы: “І калі вы памножыце малітвы вашыя, Я не пачую: рукі вашыя поўныя крыві” (Іс 1,15).

Гледзячы на Таго, які быў укрыжаваны за нас, мы бачым укрыжаванае чалавецтва. У Ягоных ранах мы бачым раны шматлікіх сучасных мужчын і жанчын. У Ягоным апошнім воклічы, скіраваным да Айца, мы чуем плач тых, хто збіты, пазбаўлены надзеі, хворы, самотны. І ў першую чаргу мы чуем крык болю ўсіх, хто прыгнечаны гвалтам і з’яўляецца ахвярай вайны.

Хрыстус, Кароль супакою, дагэтуль усклікае са свайго крыжа: Бог ёсць любоў! Майце літасць! Складзіце зброю, памятайце, што вы – браты!

Словамі Слугі Божага, біскупа Таніна Бэла, я хацеў бы даверыць гэты вокліч Найсвяцейшай Марыі, якая стаіць пад крыжам Сына і плача таксама ля падножжаў сённяшніх крыжоў:

“Святая Марыя, Жанчына трэцяга дня, дай нам упэўненасць у тым, што, нягледзячы ні на што, смерць больш не будзе панаваць над намі; што несправядлівасць мае лічаныя дні; што агні вайны зменшацца да прыцемкаў; што пакуты бедных скончацца (...). Дай нам веру ў тое, што слёзы болю ўсіх ахвяр гвалту высахнуць, як раса пад вясеннім сонцам” (“Марыя, жанчына нашых дзён”), - завяршыў гамілію Святы Айцец.
 

29 сакавіка 2026, 11:30