Пошук

Пантыфік – моладзі: шчаслівымі робіць любоў, а не тысячы “лайкаў”

Унутраную пустэчу немагчыма запоўніць тысячамі “лайкаў” – толькі трывалая і верная любоў, разам з гатоўнасцю да ахвярнасці, можа прынесці спакой у сэрца, нагадаў Папа моладзі і катэхуменам Манака.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Леў XIV сустрэўся з новымі пакаленнямі вернікаў у касцёле святой Дэвоты – нябеснай апякункі Манака, “мужнай дзяўчыны”, якая абараняла сваю веру нават да мучаніцкай смерці. “Таксама і сёння вера сустракае выклікі і перашкоды, але нічога не можа зацямніць яе прыгажосць і праўду. Доказам гэтага з’яўляецца ўсё больш людзей розных узростаў, якія жадаюць пазнаць Пана і просяць аб хросце”, - сказаў Папа.

Трываласць жыццю дае любоў

Адказваючы на пытанне аднаго з маладых людзей пра тое, як жыць у свеце, дзе ўсё вельмі хутка змяняецца, Пантыфік нагадаў, што сапраўдную трываласць жыццю дае любоў: у першую чаргу фундаментальны досвед Божай любові, а потым – як яе адлюстраванне – асвятляльны і святы досвед любові адзін да аднаго.

Леў XIV заўважыў, што любоў патрабуе вернасці, пастаянства, гатоўнасці да ахвярнасці ў штодзённасці. “Толькі так наш неспакой атрымлівае суцяшэнне, а ўнутраная пустэча (...) запаўняецца – але не матэрыяльнымі і часовымі рэчамі, не віртуальным прызнаннем у выглядзе тысячы “лайкаў” і не ўмоўнымі, штучнымі, а часам нават гвалтоўнымі прывязанасцямі”, - падкрэсліў Святы Айцец.

Дазволіць Святому Духу весці да сапраўднага шчасця

“Ад усяго гэтага трэба расчысціць дзверы сэрцаў”, каб “моцны вецер Святога Духа мог напоўніць ветразі нашага жыцця, штурхаючы яго да сапраўднага шчасця”, - сказаў Папа, заклікаючы моладзь да малітвы, цішыні і слухання, каб “суцішыць шаленства дзеянняў і слоў, пасланняў, рылсаў і чатаў”, а таксама “каб паглыбіць і атрымаць асалоду ад прыгажосці сапраўднага і канкрэтнага быцця разам”.

Пантыфік нагадаў моладзі пра каштоўнасць удзелу ў эўхарыстычнай адарацыі, а таксама заахвоціў сузіраць Муку Пана падчас Вялікага тыдня, што дазволіць зазірнуць у сэрца і перагледзець жыццё.

Не бойцеся аддаць усё Богу і іншым

Леў XIV заахвоціў юнакоў і дзяўчат мець мужнасць да самаахвярнасці. “Дарагая моладзь, не бойцеся аддаць усё – свой час, свае сілы – Богу і братам, цалкам прысвяціць сябе Пану і іншым. Толькі так вы знойдзеце ваша жыццё знойдзе новы водар і яшчэ больш глыбокі сэнс. Свету патрэбна ваша сведчанне, каб пераадолець адхіленні нашага часу і адказаць на яго выклікі, а галоўнае – каб зноў адкрыць для сябе цудоўны смак любові да Бога і бліжняга”, - сцвердзіў Леў XIV.
 

28 сакавіка 2026, 13:36