Святы Айцец сустрэўся з арцыбіскупам Тэгерана
Марыя Валодзіна - Vatican News
Сустрэча Папы з кардыналам Мацьё адбылася пасля агульнай аўдыенцыі, якая 11 сакавіка 2026 года прайшла на плошчы святога Пятра ў Рыме. Падрабязнасці размовы не паведамляюцца.
Іерарх быў эвакуіраваны з Ірана 8 сакавіка 2026 года разам з супрацоўнікамі італьянскага пасольства. У пасланні да інфармацыйнага агенцтва "CathoBel" ён паведаміў, што пакінуў Іран “не без шкадавання і смутку за братоў і сясцёр у Іране”. "У чаканні вяртання, маліцеся аб навяртанні сэрцаў да ўнутранага спакою", - напісаў іерарх.
Бельгійскі францішканін быў прызначаны першым кардыналам на іранскай зямлі напрыканцы 2024 года. У Іране дзейнічае шэсць каталіцкіх дыяцэзій: чатыры халдэйскія, адна армянская і адна лацінская. У 2021 годзе Папа Францішак даручыў апошнюю апецы арцыбіскупа Мацьё, а 7 снежня 2024 года ўзвёў яго ў годнасць кардынала.
Адзіны шлях – мір і дыялог
Кардынал Мацьё пакуль устрымліваецца ад публічных каментарыяў адносна сітуацыі ў Іране. У ліпені 2025 года ён папярэджваў аб магчымай эскалацыі на Блізкім Усходзе і падкрэсліваў, што адзіным выйсцем для рэгіёну з’яўляецца мір і дыялог.
Колькасць католікаў у Іране складае прыкладна 20 тысяч чалавек, каля паловы з іх належыць да лацінскага абраду. Кардынал Мацьё — адзіны каталіцкі святар у пяці парафіях Тэгерана. Катэдральны сабор Найсвяцейшай Панны Марыі Суцяшальніцы размешчаны побач з італьянскім пасольствам і карыстаецца дыпламатычнай абаронай.
