Леў XIV падчас аўдыенцыі для чальцоў італьянскай "Fondazione Cattolica" Леў XIV падчас аўдыенцыі для чальцоў італьянскай "Fondazione Cattolica"  (@VATICAN MEDIA)

Папа пра вернасць караням у служэнні самым безабаронным

Леў XIV высока ацаніў дзейнасць "Fondazione Cattolica", падкрэсліўшы важнасць спалучэння веры з эканамічнай адказнасцю дзеля дабрабыту самых безабаронных людзей у грамадстве.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Падчас сустрэчы з кіраўніцтвам "Fondazione Cattolica" Папа выказаў глыбокую ўдзячнасць за актыўную прысутнасць католікаў у італьянскім грамадстве. Пантыфік заўважыў, што сучаснаму свету неабходна вывучаць гісторыю каталіцкага руху, каб перакладаць на мову сённяшняга дня інтуіцыю людзей, якія жылі ў еднасці веры і імкнення да справядлівасці.

Адказаць на грамадскія выклікі праз кааперацыю і салідарнасць

Гісторыя ініцыятывы бярэ пачатак у адказе на заклік энцыклікі "Rerum novarum", калі сотні кааператываў і кас узаемадапамогі сталі канкрэтным рашэннем сацыяльных пытанняў. Адным з такіх піянераў была "Società Cattolica di Assicurazione", заснаваная ў Вероне ў 1896 годзе групай святароў і свецкіх. Папа падкрэсліў, што гэтае народнае таварыства развівалася разам з краінай, дапамагаючы супольнасцям пераадольваць траўмы дзвюх сусветных войнаў.

Падчас папскай аўдыенцыі для "Fondazione Cattolica"
Падчас папскай аўдыенцыі для "Fondazione Cattolica"   (@Vatican Media)

Дваццаць гадоў таму з гэтых жа каранёў нарадзілася "Fondazione Cattolica", якая сёння засяроджваецца на трэцім сектары, падтрымліваючы сем’і і асобы ў стане сацыяльнай ізаляцыі.

Леў XIV адзначыў, што праз дапамогу сацыяльным прадпрыемствам і рэлігійным арганізацыям фонд уносіць істотны ўклад у захаванне грамадскай згуртаванасці.

Інвестыцыі ў будучыню: адукацыя і "грамадская паэзія"

Пантыфік асабліва заахвоціў працягваць справу выхавання моладзі, згадаўшы стварэнне "Акадэміі для трэцяга сектара" ў супрацоўніцтве з Каталіцкім універсітэтам Найсвяцейшага Сэрца ў Мілане. Гэты адукацыйны праект плануецца пашырыць і на рымскі ўніверсітэт "LUMSA".

На заканчэнне Святы Айцец падзякаваў за падтрымку "Фестывалю сацыяльнага вучэння Касцёла" і новай ініцыятывы – "Форум грамадскіх творцаў". Ён заклікаў чальцоў Фонду захоўваць евангельскі стыль і наследаваць прыклад благаслаўлёнага Джузэпэ Таніёла, каб сродкі іх дзейнасці заўсёды адпавядалі высакародным мэтам.
 

13 сакавіка 2026, 11:30