Пошук

Леў XIV з кіраўніком ізраільскага інстытута "Яд Вашэм" Дані Даяна і паслом Ізраіля пры Святым Пасадзе Яронам Сідэманам Леў XIV з кіраўніком ізраільскага інстытута "Яд Вашэм" Дані Даяна і паслом Ізраіля пры Святым Пасадзе Яронам Сідэманам  (@Vatican Media)

Леў XIV прыняў дэлегацыю “Яд Вашэм”

Леў XIV прыняў у Ватыкане кіраўніцтва ізраільскага інстытута "Яд Вашэм", пацвердзіўшы рашучае асуджэнне любога праяўлення антысемітызму і насілля.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У 23 сакавіка 2026 года Зала Друку Святога Пасада паведаміла пра сустрэчу Святога Айца з дэлегацыяй іерусалімскага Інстытута памяці мучанікаў і герояў Халакосту "Яд Вашэм". Ватыканскія медыя распаўсюдзілі відэаматэрыялы, на якіх зафіксавана аўдыенцыя дырэктара інстытута Дані Даяна і пасла Ізраіля пры Святым Пасадзе Ярона Сідэмана ў Льва XIV. Гэты візіт стаў чарговым крокам у захаванні памяці пра трагедыю Шоа.

Папа заклікае свет адмовіцца ад прадузятасці і прыгнёту

Леў XIV, працягваючы лінію сваіх папярэднікаў, паслядоўна выступае супраць нянавісці да яўрэйскага народа. Падчас агульнай аўдыенцыі з нагоды Дня памяці ахвяр Халакосту ў 2026 годзе ён маліўся аб свеце, вольным ад антысемітызму, пераследу і прыгнёту любой чалавечай істоты.

Леў XIV з ізраільскай дэлегацыяй
Леў XIV з ізраільскай дэлегацыяй   (@Vatican Media)

"Яд Вашэм" як галоўны цэнтр даследаванняў гісторыі Халакосту адыгрывае ключавую ролю ў гэтым працэсе, сістэматычна збіраючы мільёны дакументаў і сведчанняў пра лёс яўрэйскага народа падчас Другой сусветнай вайны.

Дзейнасць інстытута не абмяжоўваецца выключна архіўнай працай. Гэта магутны адукацыйны цэнтр, які распрацоўвае праграмы па барацьбе з антысемітызмам. Важным кірункам працы з'яўляецца наданне звання Праведнікаў народаў свету тым, хто, рызыкуючы жыццём, ратаваў яўрэяў ад знішчэння.

Пераемнасць памяці: візіты Пантыфікаў у Залу памяці

Гісторыя адносін Святога Пасада з "Яд Вашэм" вельмі глыбокая: тры папярэднія Пантыфікі – Ян Павел II, Бэнэдыкт XVI і Францішак – наведвалі гэты цэнтр падчас сваіх падарожжаў у Святую Зямлю. Кожны з іх ушаноўваў ахвяр у Зале памяці, дзе перад Вечным агнём і крыптай з попелам замучаных людзей кіраўнікі дзяржаў схіляюць галовы ў хвіліне маўчання. Менавіта там, сярод назваў 22 нацысцкіх канцэнтрацыйных лагераў, гучыць супольны заклік да чалавецтва: "Ніколі больш".
 

25 сакавіка 2026, 09:24