Папа праз сацыяльныя сеткі: Святло Пасхі перамагае цемру
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
У сваім нядзельным допісе ў сацыяльнай сетцы “X” Папа разважае над таямніцай Перамянення Пана, якая апісана ў Евангеллі паводле Мацвея (17,1-9). Пантыфік звяртае ўвагу на глыбокую сувязь паміж падзеяй на гары Табор і будучай Пасхай, называючы Перамяненне момантам, які прадбачыць перамогу жыцця над смерцю і святла над цемрай.
Святы Айцец падкрэслівае, што новае святло, якое выпраменьвае Збаўца, скіравана на тых, хто найбольш пакутуе у сучасным свеце. Паводле слоў Льва XIV, Хрыстус ахінае сваім бляскам "целы, закатаваныя насіллем, целы, укрыжаваныя болем, і целы, пакінутыя ў галечы". Менавіта ў гэтых чалавечых пакутах і выпрабоўваннях адбываецца таямніца боскага перамянення.
Як адзначае Пантыфік, Адкупіцель не абыходзіць бокам чалавечую гісторыю, але перамяняе самі яе "раны". Гэтае святло не толькі дорыць суцяшэнне, але і радыкальна змяняе нашае ўспрыманне трагедый, пераўтвараючы цемру ў пачатак новага жыцця і азараючы нашыя думкі і пачуцці.
