Падчас Юбілею Семінарыстаў у Рыме Падчас Юбілею Семінарыстаў у Рыме  (@Vatican Media)

Папа на Дзень малітвы аб пакліканнях: адкрыйце ў сабе дар Бога

У пасланні на LXIII Сусветны дзень малітвы аб пакліканнях Леў XIV заклікаў вернікаў адкрыць унутраную прыгажосць Божага дару праз цішыню, малітву і поўны давер Пану.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Святы Айцец звярнуўся да Касцёла з глыбокім разважаннем, прысвечаным "дарозе па-сапраўднаму цудоўнага жыцця", якую паказвае Хрыстус – Добры Пастыр.

У цэнтры паслання знаходзіцца ідэя паклікання не як знешняга прымусу ці гатовай схемы, а як вольнага адказу на любоў Бога. Папа падкрэсліў, што для распазнання гэтага шляху недастаткова чалавечых крытэрыяў – патрэбны глыбокая малітва і ўменне слухаць голас Бога ва ўласным сэрцы.

Пакліканне як шлях унутранага абнаўлення чалавека

Звяртаючыся да творчасці рускага багаслова Паўла Фларэнскага, Леў XIV адзначыў, што сапраўдная духоўная праца стварае не проста "добрага", а менавіта "прыгожага" чалавека. Хрысціянскае пакліканне дазваляе верніку адлюстроўваць тое святло, якое выпраменьвае сам Хрыстус.

Папа прывёў у прыклад святога Аўгустына, які адкрыў Бога "глыбей за сваю самую патаемную глыбіню", і заклікаў парафіяльныя супольнасці ствараць спрыяльнае асяроддзе для росту такіх дароў.

Пантыфік звярнуў асаблівую ўвагу на важнасць унутранай цішыні. У свеце, напоўненым аглушальным шумам, неабходна будаваць прастору для асабістай сустрэчы з Панам.

Леў XIV заахвоціў моладзь не баяцца прысвячаць час Эўхарыстычнай адарацыі і разважанню над Божым Словам. Менавіта ў такой блізкасці з Хрыстом нараджаецца гатоўнасць да самаахвярнасці ў любым жыццёвым стане – ці то ў сужэнстве, ці то ў святарстве або манаскім жыцці.

Давер па прыкладзе святога Юзафа і надзея Юбілею

Яшчэ адным важным момантам паслання стаў давер. Папа паставіў у прыклад святога Юзафа, які здолеў даверыцца Божаму плану нават тады, калі ўсё навокал здавалася цемрай і супярэчнасцю. Пантыфік заклікаў вернікаў захоўваць унутраны спакой і стойкасць, памятаючы, што Уваскрослы Пан не пакідае чалавека нават у самыя змрочныя часы.

Пакліканне, паводле слоў Папы, – гэта не статычны вынік, а дынамічны працэс сталення. На гэтым шляху вельмі важна мець мудрае духоўнае суправаджэнне і штодзённа сілкаваць адносіны з Богам.

На заканчэнне Леў XIV даручыў усіх вернікаў апецы Найсвяцейшай Панны Марыі, каб Яна дапамагала кожнаму зрабіць сваё жыццё плённым для Касцёла і свету.
 

25 сакавіка 2026, 12:28