Медаль свабоды для Льва XIV з нагоды 250-годдзя ЗША
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Публічная цырымонія пройдзе каля "Independence Mall" у Філадэльфіі 3 ліпеня 2026 года, напярэдадні 250-й гадавіны заснавання Злучаных Штатаў.
Як адзначылі арганізатары, высокая ўзнагарода падкрэслівае намаганні Святога Айца ў справе абароны рэлігійнай свабоды і свабоды выказвання меркаванняў. Такія ж ідэалы калісьці заклалі айцы-заснавальнікі ў Першай папраўцы да амерыканскай Канстытуцыі.
Кіраўнік Прэс-службы Святога Пасада, Матэа Бруні падкрэсліў, што Пантыфік глыбока ўдзячны за аказаны гонар. Ён звярнуў увагу на сімвалічнасць моманту. Амерыканскі народ рыхтуецца асэнсаваць два з паловай стагоддзі сваёй гісторыі, дзе Дэкларацыя незалежнасці і Канстытуцыя застаюцца найважнейшай спадчынай, якую трэба зберагчы для наступных пакаленняў.
У афіцыйным камюніке Нацыянальнага канстытуцыйнага цэнтра робіцца акцэнт на вялікай ролі Пантыфіка ў развіцці міжрэлігійнага і экуменічнага дыялогу. У дакуменце гаворыцца, што дзейнасць Льва XIV адлюстроўвае глыбокую маральную канцэпцыю, у якой свабода веравызнання – гэта не проста абстрактнае права. Наадварот, яна з'яўляецца рэальным увасабленнем чалавечай годнасці, што мае асаблівае значэнне для маргіналізаваных супольнасцей, рэлігійных меншасцей і ахвяр узброеных канфліктаў.
Сам “Медаль свабоды” быў заснаваны ў 1988 годзе, калі краіна святкавала двухсотгоддзе прыняцця Канстытуцыі. З таго часу ўзнагарода штогод прысуджаецца людзям і арганізацыям, якія праяўляюць выключную мужнасць і рашучасць, каб зрабіць свабоду сапраўдным здабыткам для ўсяго чалавецтва.
