Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Леў XIV пра адказнасць медыя ў часы “крыклівых слоў”

Леў XIV накіраваў прывітальнае пасланне рэдакцыі італьянскага тэлеканала навін "Tgcom24", заклікаўшы журналістаў быць адказнымі за праўду і будаваць культуру сустрэчы ў сучасным грамадстве.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

З нагоды 25-годдзя заснавання італьянскай інфармацыйнай сеткі Пантыфік выказаў удзячнасць за штодзённую службу медыя на карысць грамадства. У свеце, дзе словы ў інтэрнэце занадта часта становяцца “крыклівымі”, задача сродкаў масавай камунікацыі ператвараецца ў асаблівую місію, якая патрабуе глыбокага сэнсу этычнай адказнасці.

Свабодная інфармацыя, што паважае годнасць чалавека, становіцца моцным інструментам для будавання трывалага міру.

Папа заклікаў журналістаў не спыняцца на паверхні хранікальных падзей, а глядзець з павагай, салідарнасцю і спагадай на “перыферыі пакут”. Святы Айцец падкрэсліў важнасць супрацьдзеяння фэйкавым навінам і прасоўвання наратыву, які яднае розныя часткі грамадства.

Інфармацыя, на думку Льва XIV, павінна служыць стварэнню супольнасці чытачоў і слухачоў, якія ідуць шляхам “бяззбройнага і нястомнага міру”. У завяршэнне ліста Пантыфік даручыў працу калектыву "Tgcom24" апецы святога Францішка Сальскага, апекуна журналістаў, і ўдзяліў апостальскае благаслаўленне супрацоўнікам і іх сем’ям.
 

21 сакавіка 2026, 11:58