Ілля ІІ Ілля ІІ 

Спачуванні Папы пасля смерці патрыярха Іллі II

Леў XIV даслаў словы суцяшэння грузінскаму народу пасля смерці Каталікоса-Патрыярха Іліі II, назваўшы яго нястомным будаўніком адзінства і сведкай веры.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У сваім пасланні, апублікаваным на профілі апостальскай нунцыятуры ў Грузіі ў “Х”, Пантыфік запэўніў у братэрскай салідарнасці і малітве ў гэты адмысловы для ўсяго народа момант. Леў XIV з удзячнасцю ўзгадаў Пастыра, які на працягу многіх гадоў кіраваў вернікамі з дабрынёй, мудрасцю і евангельскай сілай.

Святы Айцец падкрэсліў, што доўгае жыццё Патрыярха было прыкладам адданага сведчання веры. Яго служэнне суправаджала грузінскі народ праз складаныя часы і глыбокія эпахальныя змены. Пры гэтым Ілля II з любоўю захоўваў традыцыі, адкрываючы сэрцы і супольнасці для надзеі.

Падчас сустрэчы Іллі ІІ з Папам Францішкам у Грузіі
Падчас сустрэчы Іллі ІІ з Папам Францішкам у Грузіі   (AFP or licensors)

Леў XIV таксама звярнуў увагу на вялікую любоў спачылага да музыкі. Паводле слоў Папы, яна з'яўляецца стымулам для пошуку Божай прыгажосці і здольная аб'ядноўваць народы, збліжаючы Касцёлы па-за культурнымі і тэалагічнымі адрозненнямі.

Для многіх людзей Патрыярх заставаўся духоўным айцом, голасам прымірэння і нястомным будаўніком адзінства. У пасланні згадваецца, што ён сустракаўся з двума папярэднікамі цяперашняга Пантыфіка – святым Янам Паўлам II і Папам Францішкам – і гэтыя сустрэчы заўсёды праходзілі ў духу сардэчнасці і братэрства.

Падчас сустрэчы Яна Паўла ІІ з Іллё’ ІІ у Грузіі. 1999 год
Падчас сустрэчы Яна Паўла ІІ з Іллё’ ІІ у Грузіі. 1999 год

Звяртаючыся да слоў апостала Паўла, Леў XIV нагадаў, што ўваскрасенне Езуса з'яўляецца фундаментам нашай веры і крыніцай надзеі. Таму перад абліччам смерці пастыра сэрцы вернікаў не паддаюцца роспачы, а адкрываюцца на ўпэўненасць у тым, што "жыццё не адымаецца, але пераўтвараецца".

На заканчэнне ліста, датаванага 18 сакавіка 2026 года, Пантыфік выказаў братэрскую блізкасць Мітрапаліту Шыа, які прыняў цяжар служэння месцаблюсціцеля. Папа моліцца аб святле, распазнанні і мужнасці для яго, каб ён мог суправаджаць Грузінскую Праваслаўную Царкву з такой жа пастырскай любоўю, якая натхняла спачылага Патрыярха. Пантыфік даручыў усіх апецы Найсвяцейшай Багародзіцы.
 

20 сакавіка 2026, 15:47