Папа з Кастэль-Гандольфа: дыялог замест зброі і пагроз
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
"Маліцца аб міры, працаваць дзеля міру, менш нянавісці. У свеце пастаянна расце нянавісць", - менавіта такія словы прагучалі з вуснаў Пантыфіка 3 сакавіка 2026 года падчас сустрэчы з групай журналістаў каля Вілы Барберыні ў Кастэль-Гандольфа. Леў XIV праводзіў там свой звычайны дзень адпачынку і працы.
На фоне эскалацыі напружанасці на Блізкім Усходзе, дзе пастаянна расце інтэнсіўнасць атак, а страх ахоплівае ўсё больш і больш людзей, Святы Айцец настойліва заахвочвае не губляць з-пад увагі галоўную мэту – дасягненне міру. Ён заклікае "сапраўды імкнуцца да прасоўвання дыялогу" і шукаць шляхі вырашэння праблем "без выкарыстання зброі".
Гэтыя словы сталі арганічным працягам яго нядзельнага звароту падчас малітвы "Анёл Панскі". Тады, рэагуючы на нядаўнія напады ЗША і Ізраіля на Іран, а таксама на зваротныя бамбардзіроўкі іранскім бокам шэрагу рэгіёнаў Блізкага Усходу, Папа быў вельмі катэгарычным. Ён падкрэсліў, што стабільнасць і мір немагчыма пабудаваць ні на ўзаемных пагрозах, ні на выкарыстанні зброі, якая нясе толькі знішчэнне, боль і смерць. Адзіным дзейсным інструментам у такой сітуацыі застаецца разумны, сапраўдны і адказны дыялог.
Усведамляючы рэальную пагрозу глабальнай катастрофы, Пантыфік звярнуўся да ўсіх уцягнутых бакоў з гарачым заклікам узяць на сябе маральную адказнасць. Ён папрасіў спыніць спіраль гвалту, пакуль яна не ператварылася ў непапраўную бездань.
