Пошук

Кадр відэапаслання Папы да Касцельнай канферэнцыі Амазоніі (CEAMA) Кадр відэапаслання Папы да Касцельнай канферэнцыі Амазоніі (CEAMA) 

Папа да Касцёла ў Амазоніі: абараняйце жыццё і стварэнне

Пантыфік звярнуўся да вобраза гіганцкага дрэва, якое служыць надзейным прытулкам для мноства птушак і жывёл, каб заклікаць Касцёл Амазоніі стаць такім жа “лясным гігантам” для ўсіх, асабліва для бедных і ўразлівых.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Леў XIV накіраваў відэазварот да ўдзельнікаў VI Асамблеі Касцельнай канферэнцыі Амазоніі (CEAMA), якая 16-20 сакавіка 2026 года праходзіць у сталіцы Калумбіі, Багаце. Ён адзначыў, што асамблея з’яўляецца “асаблівым часам слухання Святога Духа”, калі прадстаўнікі Касцёла разам шукаюць шляхі развіцця супольнасцей у Амазоніі. Ён звярнуў увагу на праблемы, з якімі сутыкаецца рэгіён, уключаючы пагаршэнне экалагічнай сітуацыі, і выказаў салідарнасць з людзьмі, якія пакутуюць ад гэтага выкліку.

Мэты асамблеі

Адной з ключавых задач асамблеі з’яўляецца распрацоўка сінадальных пастырскіх арыенціраў, якія дапамогуць Касцёлу больш эфектыўна абвяшчаць Евангелле ў гэтым рэгіёне. Таксама яе ўдзельнікі павінны абраць новае кіраўніцтва на перыяд 2026-2030 гадоў, задачай якога стане працяг рэалізацыі Сінода Амазоніі і падрыхтоўка да касцёльнай асамблеі ў Рыме, запланаванай на 2028 год. Пантыфік запэўніў удзельнікаў сустрэчы ў сваім малітоўным суправаджэнні на гэтым шляху.

Вобраз дрэва-гіганта і місія Касцёла

Папа выкарыстаў вобраз дрэва шыхуахуака – аднаго з сімвалаў амазонскіх лясоў – каб апісаць новыя шляхі ў місіі Касцёла на гэтай зямлі. Па яго словах, нараджаецца нешта новае, яно ўсё яшчэ крохкае, як парастак гэтага дрэва, якое расце вельмі павольна, але з часам становіцца "лясным гігантам", здольным жыць больш за тысячу гадоў. Яго густая крона служыць бяспечным прытулкам для арлоў, туканаў, папугаяў ара, малпаў і вавёрак, ператвараючыся ў асобную экасістэму. Святы Айцец заклікаў Касцёл у Амазоніі абараняць жыццё і стварэнне, быць такім "лясным гігантам" – “Касцёлам Благаслаўленняў” для ўсіх, асабліва для бедных і ўразлівых.

Неабходнасць інкультурацыі

Папа таксама падкрэсліў неабходнасць інкультурацыі веры – уліку мясцовых культур і традыцый у жыцці Касцёла, фарміравання Касцёла з “амазонскім абліччам”. Дзякуючы інкультурацыі Касцёл лепш злучае веру з жыццём людзей, робячы сваю місію больш поўнай як геаграфічна, так і культурна, - нагадаў ён.

Інкультурацыя – гэта складаны, але неабходны шлях, які патрабуе адкрытасці да навізны Святога Духа, - адзначыў Леў XIV, заклікаючы пастыраў і вернікаў разам умацоўваць місіянерскую ідэнтычнасць у Амазоніі і працягваць працу, распачатую папярэднікамі, некаторыя з якіх аддалі жыццё, каб Касцёл, як “гіганцкае дрэва”, мог расці і развівацца.

17 сакавіка 2026, 16:22