Леў XIV: ахова здароўя – не раскоша, а ўмова сацыяльнага міру

Ілюзорна думаць, што, ігнаруючы чужыя пакуты і адштурхоўваючы найбольш уразлівых, грамадства можа дасягнуць шчасця, - падкрэсліў Пантыфік падчас сустрэчы з прадстаўнікамі еўрапейскіх Касцёлаў і міжнародных інстытутаў у галіне аховы здароўя.

Марыя Валодзіна - Vatican News

18 сакавіка 2026 года Папа прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане ўдзельнікаў міжнароднай канферэнцыі “Сёння хто мой бліжні?” (пар. Лк 10:29), арганізаванай Рада біскупскіх канферэнцый Еўропы (CCEE), Еўрапейскім рэгіянальным бюро Сусветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ) і Канферэнцыяй Біскупаў Італіі.

Рост няроўнасці ў ахове здароўя

Пантыфік звярнуў увагу на вынікі справаздачы СААЗ, якія сведчаць пра рост няроўнасці ў галіне аховы здароўя у многіх краінах Еўропы. Усё менш людзей могуць дазволіць сабе неабходныя медыцынскія паслугі. Заклапочанасць выклікае таксама псіхічнае здароўе людзей, асабліва моладзі.

“Ахова здароўя не можа быць раскошай для нямногіх. Гэта важная ўмова сацыяльнага міру”, - падкрэсліў Папа, дадаючы, што ўсеагульнае медыцынскае страхаванне – гэта не проста тэхнічная мэта, якая павінна быць дасягнута, але маральны імператыў для справядлівага грамадства.

Быць вартаўнікамі сваіх братоў

Евангельскае пытанне “Хто мой бліжні?”, якое стала цэнтральнай тэмай канферэнцыі, застаецца актуальным і сёння. Яно патрабуе ад кожнага чалавека канкрэтнага адказу. У розных людзей гэту будуць розныя адказы, аднак іх аб'ядноўвае запрашэнне не заставацца абыякавым да пакут іншых, асабліва бедных.

Звяртаючыся да біблійных прыкладаў – аповеду пра Каіна і Абеля і прыпавесці пра Добрага Самараніна – Папа нагадаў, што чалавек пакліканы быць “вартаўніком свайго брата”, клапаціцца пра яго чалавечнасць. Нашым бліжнім называў сябе Езус Хрыстус. Ён жа прыйшоў на дапамогу паўмёртваму чалавеку, збітаму разбойнікамі і кінутаму на дарозе.

Салідарнасць як аснова дабрабыту грамадства

Леў XIV спаслаўся на энцыкліку “Fratelli tutti” (75), у якой Папа Францішак нагадвае, што вулічныя разбойнікі звычайна маюць сакрэтных хаўруснікаў – абыякавых людзей, якія праходзяць міма, гледзячы ў іншы бок.

Ілюзорна думаць, што, ігнаруючы чужыя пакуты і адштурхоўваючы найбольш уразлівых, можна дасягнуць шчасця, бо толькі праз увагу да кожнага будуецца салідарнае грамадства, у якім магчымыя дабрабыт і мір для ўсіх, - падкрэсліў Святы Айцец.

Папа адзначыў, што Касцёл, у супрацоўніцтве з міжнароднымі арганізацыямі, можа адыгрываць важную ролю ў барацьбе з няроўнасцю ў галіне аховы здароўя на карысць найбольш уразлівых груп насельніцтва. Ён пажадаў, каб у хрысціянскім жыцці ніколі не бракавала братэрскага, самаранскага, адкрытага, мужнага, адданым і салідарнага вымярэння, якое мае сваю найглыбейшую крыніцу ў еднасці з Богам і ў веры ў Хрыста.

18 сакавіка 2026, 10:46