Пошук

Парафія Ахвяравання Найсвяцейшай Панны Марыі Парафія Ахвяравання Найсвяцейшай Панны Марыі  

Пантыфіка чакаюць у чарговай парафіі на перыферыі Рыма

8 сакавіка 2026 года Леў XIV здзейсніць візіт у чарговую парафію Рымскай дыяцэзіі. На гэты раз ён адправіцца на заходнюю ўскраіну Рыма, дзе наведае парафію Ахвяравання Найсвяцейшай Панны Марыі.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“Мы з радасцю чакаем Святога Айца. У 1982 годзе тут быў з візітам святы Ян Павел ІІ. З таго часу прайшло ўжо больш за сорак гадоў. Прысутнасць Пантыфіка дазволіць нам адчуць яго блізкасць і блізкасць усяго Касцёла. Наш раён вельмі патрабуе гэтага”, - падзяліўся мясцовы пробашч, ксёндз Паола Стак’ёці.

З’яднаная супольнасць у складаным кантэксце

Святар заўважыў, што квартал Торэвек’я, на тэрыторыі якога знаходзіцца парафія, мае мноства сацыяльных праблем, але таксама і шмат дабра, пра якое рэдка расказваюць СМІ.

“Гэта з’яднаная супольнасць, багатая на велікадушных людзей, якія не шкадуюць сіл, дапамагаючы адно аднаму”, - сказаў ён, падкрэсліваючы, што візіт Папы стане нагодай для ўмацавання сувязяў і супольнай працы.

Падарунак для Папы

Ксёндз Стак’ёці расказаў таксама пра падарунак, падрыхтаваны для Святога Айца: гэта будзе копія марыйнага абраза, перэгрынацыя якога праводзіцца кожны год у маі па тэрыторыі квартала. Ікона была намалявана кансэкраванымі асобамі, якія ўжо на працягу трыццаці гадоў жывуць у гэтым раёне.

Сустрэчы з рознымі групамі

Падчас візіту Пантыфік сустрэнецца з рознымі парафіяльнымі групамі: дзецьмі і моладдзю, сем’ямі, людзьмі з інваліднасцю, хворымі і беднымі, якім дапамагае мясцовы “Caritas”. Кульмінацыяй візіту стане святая Імша, пасля якой Папа паразмаўляе з членамі душпастырскай рады і духавенствам.

Чацвёрты візіт у парафію Рымскай дыяцэзіі

Парафія Ахвяравання Найсвяцейшай Панны Марыі стане чацвёртай парафіяй Рымскай дыяцэзіі, якую наведае Леў XIV. Святы Айцец сустракаецца з вернікамі і духавенствам у розных частках Рыма па нядзелях з 15 лютага па 15 сакавіка 2026 года.
 

05 сакавіка 2026, 13:45