Папа глыбока засмучаны гібеллю нявінных людзей на Блізкім Усходзе
Марыя Валодзіна - Vatican News
Такое паведамленне распаўсюдзіла 9 сакавіка 2026 года Зала Друку Святога Пасада ў сваім Telegram-канале. Думкі Папы скіроўваюцца да шматлікіх нявінных ахвяр бамбардзіровак, у тым ліку дзяцей, якія загінулі ў выніку эскалацыі канфлікту. Ён таксама засмучаны гібеллю тых, хто спрабаваў дапамагчы пацярпелым і сам стаў ахвярай атак, у тым ліку мараніцкага святара, айца П'ера Эль-Рахі.
Святар загінуў днём 9 сакавіка 2026 года ў мясцовасці Клаяа на поўдні Лівана. Трагічную навіну паведаміў ватыканскім СМІ францішканін Кустодыі Святой Зямлі, айцец Туфік Бу Мерхі. Па яго словах, айцец П'ер разам з дзясяткамі маладых людзей накіраваўся на дапамогу пацярпеламу парафіяніну, які быў паранены ў выніку абстрэлу дома ў горнай мясцовасці. У гэты момант па тым жа доме быў нанесены яшчэ адзін удар. Святар атрымаў цяжкія раненні. Яго тэрмінова даставілі ў шпіталь, аднак выратаваць яго жыццё не ўдалося. Айцец Туфік падкрэсліў, што загінулы пяцідзесяцігадовы святар быў сапраўднай апорай хрысціян у гэтым рэгіёне. Ён заставаўся побач са сваёй супольнасцю, нягледзячы на пастаянныя заклікі да эвакуацыі, якія гучалі ў апошнія дні.
