Папа: абарона непаўналетніх у Касцёле – натуральны выраз веры
Аляксандр Панчанка - Vatican News
16 сакавіка 2026 года Леў XIV прыняў на аўдыенцыі ўдзельнікаў пленарнага пасяджэння Папскай камісіі па абароне непаўналетніх. Пантыфік выказаў ім падзяку за працу, падкрэсліўшы яе важнае значэнне для жыцця Касцёла і будавання сапраўднай культуры клопату.
Фарміраваць культуру клопату
Папа пажадаў, каб Камісія дапамагала “фарміраванню ва ўсім Касцёле культуры клопату, дзе абарона непаўналетніх і людзей, якія знаходзяцца ва ўразлівых сітуацыях, успрымаецца не як абавязак, навязаны звонку, а як натуральны выраз веры”.
“Гэта патрабуе працэсу навяртання, падчас якога мы слухаем пакуты іншых і дазваляем ім матываваць нас да дзеяння. У гэтым сэнсе вопыт ахвяр і тых, хто перажыў злоўжыванні, з’яўляецца важным арыенцірам. Хаця ён безумоўна балючы і яго цяжка слухаць, ён адкрывае праўду і вучыць нас пакоры ў імкненні падтрымліваць ахвяр і тых, хто перажыў злоўжыванні. Адначасова менавіта праз прызнанне перажытага болю адкрываецца даверлівы шлях надзеі і абнаўлення”, - сцвердзіў Папа.
Міждысцыплінарны падыход
Святы Айцец заахвоціў членаў Камісіі да дыялогу з іншымі дыкастэрыямі Рымскай курыі. “Спадзяюся, што вы працягнеце развіваць яшчэ больш шчыльнае супрацоўніцтва з імі, каб іх веды маглі ўзбагаціць вашу працу. Адначасова яны таксама могуць абагаціцца вопытам, які Камісія набыла за гэтыя адзінаццаць гадоў служэння, у прыватнасці праз уважлівае і шчырае слуханне ахвяр, тых, хто перажыў злоўжыванні, і іх сем’яў”, - сказаў Пантыфік.
Важнасць штогадовай справаздачы Камісіі
Леў XIV высока ацаніў значэнне штогадовай справаздачы, якую рыхтуе Папская камісія па абароне непаўналетніх. Гэты дакумент, па яго словах, дазваляе праўдзіва і адказна глядзець на сітуацыю, але таксама заахвочвае да надзеі і разважлівасці. “Надзея не дазваляе нам паддавацца роспачы; разважлівасць абараняе ад імправізацый і павярхоўнасці ў пытаннях прафілактыкі злоўжыванняў”, - дадаў ён.
Дапамога мясцовым Касцёлам
Пантыфік заклікаў членаў Камісіі спрыяць захаванню належнай увагі да ахвяр злоўжыванняў на ўсіх узроўнях Касцёла праз аказанне дапамогі мясцовым ардынарыям і генеральным настаяцелям манаскіх супольнасцей.
“Заахвочваю вас і надалей быць для іх рэсурсам, каб ні адна супольнасць унутры Касцёла не адчувала сябе самотнай у гэтым заданні”, - сказаў Папа, падкрэсліваючы, што “падтрымка мясцовых Касцёлаў, асабліва там, дзе не хапае рэсурсаў або кампетэнцый, азначае канкрэтнае ўвасабленне касцельнай салідарнасці”.
Новыя даследаванні
Леў XIV адзначыў важнасць распрацоўкі Камісіяй новых дакументаў, прысвечаных паняццю ўразлівасці ў кантэксце злоўжыванняў і прафілактыкі сексуальных злоўжыванняў над непаўналетнімі, якія становяцца магчымымі дзякуючы тэхналогіям у лічбавым прасторы.
Крок да Хрыста праз клопат і справядлівасць
Папа адзначыў, што абарона непаўналетніх і асоб у ўразлівых сітуацыях не з’яўляецца ізаляванай сферай касцельнага жыцця, а вымярэннем, якое пранізвае пастырскую апеку, фармацыю, кіраўніцтва і дысцыпліну. “Кожны крок наперад на гэтым шляху – гэта крок да Хрыста і да больш евангельскага і сапраўднага Касцёла”, - дадаў на завяршэнне прамовы Святы Айцец.
