Падчас канферэнцыі “Greenaccord” у Трэвіза Падчас канферэнцыі “Greenaccord” у Трэвіза 

Папа заклікаў да большай экалагічнай адказнасці дзеля будучыні

Леў XIV звярнуўся да ўдзельнікаў міжнароднага экалагічнага форума з заклікам працягваць працу па стварэнні новай культуры клопату пра навакольнае асяроддзе.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Пасланне прагучала на XVII Міжнародным форуме арганізацыі “Greenaccord”, які 18-21 сакавіка 2026 года праходзіць у італьянскім Трэвіза пад дэвізам “Ствараючы будучыню разам. Новае чалавецтва з прагай будучыні”. Яго ўдзельнікі разглядаюць праблемы змены клімата і ўзрастаючай экалагічнай трывожнасці сярод моладзі.

Заклік да глыбейшай экалагічнай адказнасці

У тэлеграме за подпісам кардынала-дзяржсакратара П’етра Параліна, Святы Айцец падкрэсліў, што “экалагічная адказнасць не абмяжоўваецца толькі тэхнічнымі ведамі. Яны неабходныя, але гэтага недастаткова. Патрэбна адукацыя, якая ахоплівае розум, сэрца і рукі. Новыя звычкі, супольныя стылі, добрыя практыкі”, - адзначаецца ў пасланні. "Пры сумесным вырашэнні цяперашніх крызісаў, можна стварыць паважлівае і інклюзіўнае сацыяльнае асяроддзе, каб забяспечыць лепшую будучыню для новых пакаленняў”, - напісаў Пантыфік.

Свет як дар, а не рэсурс для эксплуатацыі

На форуме прагучала таксама разважанне кардынала Параліна, прысвечанае “Гімну стварэння” святога Францішка Асізскага і 800-годдзю яго смерці. Яго зачытаў кардынал Беніяміна Стэла. Калі мы сапраўды жадаем разам будаваць будучыню, трэба змяніцца, пачаць думаць і жыць па-новаму – "пераступіць парог" і "ўвайсці ў новы дом", - напісаў Дзяржсакратар.

На яго думку, “Гімн стварэння” святога Францішка - гэта не проста прыгожыя словы пра прыроду, а спосаб духоўнага і інтэлектуальнага мыслення, які вучыць бачыць свет не як нешта, чым трэба валодаць і эксплуатаваць, а як тое, пра што трэба пастаянна клапаціцца. Калі чалавек называе прыроду “братам” ці “сястрой”, як вучыў святы Францішак Асізскі, гэта значыць, што ён не лічыць яе сваёй уласнасцю. Ён разумее, што свет – гэта не рэсурс для эксплуатацыі, а дар, які трэба прызнаць і прыняць.

Удзельнікі канферэнцыі “Greenaccord” у Трэвіза
Удзельнікі канферэнцыі “Greenaccord” у Трэвіза

Гаворачы пра штучны інтэлект, кардынал Паралін падкрэсліў, што ён уяўляе сабой праверку нашай антрапалагічнай сталасці. Важна не проста выпраўляць праблемы потым, апастэрыёры, а адразу адказна ствараць тэхналогіі, думаючы загадзя пра наступствы, мадэлі кіравання, празрыстасць і адказнасць за інструменты і даныя.

“Гімн стварэння” і культурная дыпламатыя

“Гімн стварэння” святога Францішка вучыць людзей духоўнасці дыялогу, "дыпламатыі культур" у вышэйшым сэнсе слова. Сённяшняя праблема – не толькі ціск на экасістэмы, але і страта даверу паміж народамі, пакаленнямі, супольнасцямі. Сапраўднае супрацоўніцтва – гэта не патэрналізм сытых, калі моцныя дапамагаюць слабым зверху ўніз, а калі ўсе ўзаемазвязаныя і разумеюць: ніхто не выратуецца ў адзіночку. Пазнанне адно аднаго — гэта не шпіянаж ці цікаўнасць дзеля забавы, а важны спосаб разбурыць стэрэатыпы і прадухіліць канфлікты, - адзначыў Дзяржсакратар.

Напрыканцы паслання гучыць думка аб тым, што клопат пра навакольнае асяроддзе непарыўна звязаны з клопатам пра мір і чалавечую годнасць. Калі мы шкодзім прыродзе, разбураецца і грамадства. Калі прыніжаецца чалавечая годнасць, прырода становіцца ахвярай. А калі адносіны сапсаваныя і людзі губляюць давер, тэхналогіі пачынаюць раз’ядноўваць, - падкрэсліваецца ў пасланні. Такім чынам, “ствараць будучыню разам” азначае не толькі аператыўна дзейнічаць, але і фармаваць новы лад мыслення, стыль душы і інстытутаў, дыпламатыю міру, якая пачынаецца з мовы і працягваецца ў супрацоўніцтве і абароне ўразлівых.

21 сакавіка 2026, 11:12