Пантыфік заклікаў да спынення агню на Блізкім Усходзе
Марыя Валодзіна – Vatican News
Леў XIV нагадаў, што ўжо два тыдні народы Блізкага Усходу пакутуюць ад жорсткага гвалту вайны. Забітыя тысячы нявінных людзей, многія вымушаныя пакінуць свае дамы. Папа выказаў сваю малітоўную блізкасць да усіх, хто страціў родных у выніку ўдараў па школах, шпіталях і населеных пунктах.
Асаблівую заклапочанасць Святога Айца выклікае сітуацыя ў Ліване. Ён заклікаў да дыялогу, які дапамог бы ўладам краіны знайсці доўгатэрміновыя рашэнні крызісу дзеля агульнага дабра ўсіх ліванцаў.
Затым Папа звярнуўся непасрэдна да тых, хто нясе адказнасць за канфлікт. “Ад імя хрысціян Блізкага Усходу і ўсіх жанчын і мужчын добрай волі я звяртаюся да адказных за гэты канфлікт: спыніце агонь! Адкрыйце шляхі для дыялогу! Гвалт ніколі не прынясе справядлівасці, стабільнасці і міру, якіх чакаюць народы”, - заклікаў Пантыфік.
