Леў XIV: будаваць Касцёл праз еднасць і любоў паміж намі
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Дагматычная канстытуцыя “Lumen gentium” апісвае Касцёл як складаную рэчаіснасць, у якой існуюць чалавечае і боскае вымярэнні, - падкрэсліў Пантыфік, працягваючы катэхетычны цыкл, прысвечаны дакументам Другога Ватыканскага Сабора.
Касцёл – зямная супольнасць і містычнае Цела Хрыста
“Першае вымярэнне лёгка заўважыць, бо Касцёл – гэта супольнасць мужчын і жанчын, якія падзяляюць радасці і цяжкасці хрысціянскага жыцця, са сваімі вартасцямі і недахопамі, абвяшчаючы Евангелле і становячыся знакам прысутнасці Хрыста, які суправаджае нас на жыццёвым шляху. Аднак гэтага аспекту – нават калі ён праяўляецца таксама ў інстытуцыйнай арганізацыі – недастаткова, каб апісаць сапраўдную прыроду Касцёла, бо ён мае і боскае вымярэнне. Яно заключаецца не ў нейкай ідэальнай дасканаласці або духоўнай перавазе яго членаў, але ў тым, што Касцёл нараджаецца з Божай задумы любові адносна чалавецтва, здзейсненай у Хрысце. Таму Касцёл адначасова з’яўляецца зямной супольнасцю і містычным Целам Хрыста, бачным сходам і духоўнай таямніцай, рэчаіснасцю, прысутнай у гісторыі, і народам, які пілігрымуе да неба”, - сказаў Папа.
“Чалавечае і боскае вымярэнні гарманічна дапаўняюць адно аднаго, не накладаючыся; так Касцёл жыве ў гэтым парадоксе: ён адначасова чалавечая і боская рэчаіснасць, якая прымае грэшнага чалавека і вядзе яго да Бога”, - дадаў Святы Айцец.
Хрыстус – аб’яўленне нябачнага Бога
Канстытуцыя “Lumen gentium” паказвае гэты касцельны стан, спасылаючыся на жыццё Хрыста. “Той, хто сустракаў Езуса на дарогах Палесціны, бачыў Яго чалавечнасць, Яго вочы, Яго рукі, чуў гук Яго голасу. Тых, хто вырашаў ісці за Ім, прыцягваў менавіта Яго адкрыты позірк, дотык благаслаўляючых рук, Яго словы вызвалення і аздараўлення. У той жа час, аднак, ідучы за гэтым Чалавекам, вучні адкрываліся на сустрэчу з Богам. Бо цела Хрыста, Яго аблічча, жэсты і словы бачна аб’яўляюць нябачнага Бога”, - патлумачыў Папа.
Адзіны Касцёл Хрыста, увасоблены ў гісторыі
Пантыфік адзначыў, што тое самае датычыцца Касцёла: “калі глядзім на яго зблізку, адкрываем у ім чалавечае вымярэнне, складзенае з канкрэтных асобаў, якія часам паказваюць прыгажосць Евангелля, а часам стамляюцца і памыляюцца, як і ўсе. І ўсё ж менавіта праз сваіх членаў і абмежаваныя зямныя аспекты выяўляецца прысутнасць Хрыста і Яго збаўчая дзейнасць. Як казаў Бэнэдыкт XIV, няма супрацьпастаўлення паміж Евангеллем і інстытуцыяй; наадварот, структуры Касцёла служаць “рэалізацыі і канкрэтызацыі Евангелля ў наш час”. Не існуе ідэальнага і чыстага Касцёла, адарванага ад зямлі, але толькі адзіны Касцёл Хрыста, увасоблены ў гісторыі”, - падкрэсліў Святы Айцец.
Здымаць сандалі перад святой зямлёй іншага
“У гэтым і заключаецца святасць Касцёла: у тым, што Хрыстус жыве ў ім і працягвае дарыць сябе праз маласць і ўразлівасць яго членаў. Разважаючы над гэтым пастаянным цудам, які здзяйсняецца ў ім, мы разумеем “метад Бога”: Ён робіцца бачным праз слабасць стварэнняў, працягваючы аб’яўляць сябе і дзейнічаць. Таму Папа Францішак у “Evangelii gaudium” заклікае ўсіх вучыцца “здымаць сандалі перад святой зямлёй іншага (пар. Зых 3,5)”. Гэта робіць нас здольнымі і сёння будаваць Касцёл: не толькі арганізуючы яго бачныя формы, але ўзводзячы той духоўны будынак, якім ёсць Цела Хрыста, праз еднасць і любоў паміж намі”, - сказаў Папа.
Клапаціцца пра любоў
На заканчэнне катэхезы Леў XIV падкрэсліў, што “менавіта любоў няспынна нараджае прысутнасць Уваскрослага”, а таксама нагадаў словы святога Аўгустына, які заклікаў усіх клапаціцца пра любоў, “бо яна адна перамагае ўсё, і без яе ўсё не мае ніякай вартасці”.
