Леў XIV падчас сустрэчы з журналістамі ў Кастэль-Гандольфа. Ілюстрацыйнае фота Леў XIV падчас сустрэчы з журналістамі ў Кастэль-Гандольфа. Ілюстрацыйнае фота 

Леў XIV: перамога над нянавісцю – гэта дыялог, а не зброя

Леў XIV звярнуўся да сусветных лідараў з заклікам спыніць агонь і адмовіцца ад зброі, падкрэсліўшы, што толькі шчыры дыялог здольны спыніць рост насілля і смерць шматлікіх людзей.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Вечарам 24 сакавіка 2026 года, знаходзячыся ў Кастэль Гандольфа, Пантыфік сустрэўся з групай журналістаў каля рэзідэнцыі "Віла Барберыні". Пасля кароткага адпачынку і працы Святы Айцец палічыў неабходным зноў заклікаць да міру, які сёння знаходзіцца пад пагрозай у выніку няспынных канфліктаў.

Папа патрабуе ад палітыкаў канкрэтных крокаў да паразумення

Леў XIV выказаў глыбокую заклапочанасць міжнароднай сітуацыяй, дзе назіраецца эскалацыя нянавісці. Паводле яго слоў, насілле становіцца ўсё больш жорсткім, а колькасць ахвяр няўхільна расце.

Папа звярнуў увагу на тое, што больш за мільён чалавек апынуліся ў ізаляцыі, стаўшы закладнікамі ваенных дзеянняў. "Мы хочам маліцца за мір, але я заклікаю ўсе ўлады па-сапраўднаму працаваць праз дыялог для вырашэння праблем", - адзначыў Наступнік Пятра.

Гэты заклік стаў працягам думак, выказаных Папам падчас нядзельнай малітвы "Анёл Панскі". Тады Леў XIV са шчырым узрушэннем казаў пра сітуацыю на Блізкім Усходзе і ў іншых рэгіёнах, што пакутуюць ад войнаў. Ён падкрэсліў, што пакуты нявінных ахвяр – гэта скандал для ўсёй чалавечай сям'і і "крык перад абліччам Бога".

Малітва і дыялог як адзіны шлях да захавання годнасці

Біскуп Рыма ўпэўнены, што маўчанне перад тварам такой трагедыі немагчымае. Ён заклікаў вернікаў не спыняць малітву, а палітыкаў – шукаць рашэнні, якія будуць грунтавацца на павазе да годнасці кожнага чалавека. На думку Папы, толькі шчырасць у перамовах можа адкрыць шляхі да трывалага міру, якога так чакае свет.
 

25 сакавіка 2026, 08:49