Леў XIV да рымскай парафіі: дзяліцеся Божым святлом

15 сакавіка 2026 года Папа наведаў парафію Найсвяцейшага Сэрца Езуса на рымскай ускраіне Понтэ Мамала, дзе сустрэўся з супольнасцю і ўзначаліў Святую Імшу, заклікаўшы вернікаў распаўсюджваць вакол сябе Божае святло.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Пастырскі візіт пачаўся каля 16.00, калі аўтамабіль Святога Айца накіраваўся у рымскую парафію Найсвяцейшага Сэрца Езуса. На спартыўнай пляцоўцы яго сустракалі дзеці і моладзь, а ў парафіяльнай зале – пажылыя і хворыя. Пасля цёплай сустрэчы і прывітанняў, у касцёле адбылася Святая Імша. У гаміліі Леў XIV нагадаў аб тым, што чацвёртая нядзеля Вялікага посту заклікае радавацца (Laetare), бо Бог прыходзіць, каб дарыць святло, надзею і мір. Нават калі чалавек падае ў бездань грахоў, Хрыстус прыходзіць, каб прынесці святло, здольнае вызваліць ад слепаты зла для новага жыцця.

Святы Айцец засяродзіў увагу на сустрэчы Езуса з сляпым ад нараджэння (пар. Ян 9,1-41), заўважыўшы, што гэты евангельскі ўрывак вучыць нас глядзець на свет і на людзей вачыма Бога: без прадузятасці, з любоўю. Гэта патрабуе намаганняў: былому сляпому давялося прывыкаць да новага, невядомага, навучыцца адрозніваць колеры і формы, перабудаваць адносіны, а гэта няпроста. Да таго ж, варожасць вакол яго расце, і нават бацькі не адважваюцца абараняць яго (пар. Ян 9:18-23). На допыце ж судзяць, перш за ўсё, Езуса, які парушыў закон, аздаравіўшы ў суботу. Суддзі выяўляюць, такім чынам, іншую слепату – слепату, якая не дазваляе бачыць перад сабой Божае аблічча і адгукацца на патрэбы братоў і сясцёр.

Мы таксама можам быць сляпымі, калі не заўважаем іншых і іх праблемы, але Езус заклікае нас жыць інакш, так, як рабіла першая хрысціянская супольнасць, у якой вернікі, стойкія ў малітве, дзяліліся ўсім з радасцю і сардэчнасцю, пераадольвалі цяжкасці, жылі ў еднасці і міры і знаходзілі ў супольнасці сям’ю, якая суправаджала і падтрымлівала іх, - нагадаў Папа, адзначыўшы дабрачынную дзейнасць парафіі: падтрымку бедных, увагу да маргіналізаваных, улічваючы знаходжанне парафіі ля турмы “Рэбібія”, і шмат іншых праяў спагады і салідарнасці. Напрыканцы гаміліі Святы Айцец благаславіў парафію, пажадаўшы ёй распаўсюджваць давераны ёй дар Божага святла.

Візіт Льва XIV у парафію Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў Рыме
15 сакавіка 2026, 17:24