Леў XIV – журналістам: СМІ не павінны быць рупарам улады
Аляксандр Панчанка – Vatican News
16 сакавіка 2026 года Леў XIV прыняў на аўдыенцыі супрацоўнікаў рэдакцыі “TG2” – інфармацыйнай службы другога канала італьянскага грамадскага тэлебачання “RAI”. Сустрэча адбылася з нагоды яе 50-годдзя.
Не стаць рупарам улады і прапаганды
“Заўсёды, але асабліва ў драматычных умовах вайны, як сёння, інфармацыя павінна пазбягаць рызыкі ператварэння ў прапаганду. Таму задача журналістаў – правяраць навіны, каб не стаць рупарам улады – становіцца ўсё больш неадкладнай, далікатнай і, я б сказаў, істотнай”, - адзначыў Папа.
“Вам належыць расказваць пра пакуты, якія вайна нязменна прыносіць народам, адкрываць яе сапраўднае аблічча і распавядаць пра яе вачыма ахвяр, каб яна не ператваралася ў відэагульню. Зрабіць гэта няпроста ў некалькіх хвілінах выпуска тэленавін і яго аналітычных рубрык, але ў гэтым і заключаецца выклік”, - дадаў Святы Айцец.
Адкрытасць і плюралізм
Леў XIV адзначыў, што рэдакцыйнай палітыцы “TG2” заўсёды былі ўласцівы свецкасць, якая “разумеецца як свабода ад ідэалагічных стэрэатыпаў і позірк, адкрыты на рэальнасць”, а таксама “плюралізм крыніц інфармацыі, нават у рамках дзяржаўнага тэлебачання”.
“Мы ўсе ведаем, як цяжка бывае дазволіць фактам, сустрэчам, поглядам і галасам іншых людзей здзівіць нас; якая моцная спакуса шукаць і чуць толькі тое, што пацвярджае ўласныя погляды”, - сказаў Папа, нагадваючы, што “без гэтай адкрытасці не можа быць добрых адносін, сапраўднай свабоды і здаровага плюралізму”.
Паказваць шматграннасць рэальнасці
Святы Айцец заўважыў, што ў рэдакцыі “TG2” заўсёды працавалі людзі з рознымі поглядамі. “Гэта разнастайнасць, асабліва калі натхняецца духам сяброўства, з’яўляецца дадатковай вартасцю вашай тоеснасці, багаццем, прыкладам дыялогу, які шмат можа сказаць нам сёння, у час, калі пераважае палярызацыя, ідэалагічная закрытасць, слоганы, што перашкаджаюць бачыць і разумець складанасць рэчаіснасці”, - сказаў Папа.
Захаванне чалавечай парадыгмы
Леў XIV закрануў таксама актуальныя выклікі, якія стаяць перад рэдакцыяй, у прыватнасці захаванне чалавечага крытэрыя камунікацыі. “Я думаю пра пераход ад аналагавай сістэмы да лічбавай. У гэтым вы адыгралі вядучую ролю, здолеўшы скарыстацца новымі магчымасцямі і зразумець, што ніякія тэхналагічныя навінкі не змогуць замяніць творчасць, крытычнае мысленне і свабоду думкі. Калі выклікам нашага часу становіцца штучны інтэлект, вельмі важна рэгуляваць камунікацыю згодна з чалавечай, а не тэхналагічнай парадыгмай. У канчатковым выніку гэта азначае ўменне адрозніваць сродкі і мэты”, - адзначыў Пантыфік.
