Святы Айцец: донарства органаў – знак надзеі і братэрства
Аляксандр Панчанка - Vatican News
26 сакавіка 2026 года Леў XIV прыняў на аўдыенцыі ўдзельнікаў сустрэчы, арганізаванай італьянскім Нацыянальным цэнтрам транспланталогіі. Нагодай для яе стала 70-годдзе першага ў гісторыі медыцыны гэтай краіны выпадку дарэння органаў, калі каталіцкі святар, благаслаўлёны Карла Ньёкі, папрасіў пасля яго смерці перасадзіць рагавіцы яго вачэй двум сляпым дзецям.
Касцёл і развіццё транспланталогіі
Пантыфік нагадаў, што тады ў Італіі яшчэ не існавала законаў, якія б рэгулявалі трансплантацыю органаў, таму рашэнне ксяндза Ньёкі выклікала шырокія дыскусіі ў грамадстве і паспрыяла развіццю заканадаўства ў гэтай сферы. Ён заўважыў таксама, што праз некалькі тыдняў пасля смерці італьянскага святара Пій ХІІ прызнаў правамернасць перасадкі органаў з маральнага пункту гледжання, калі яна здзяйсняецца з павагай да годнасці чалавечага цела і правоў усіх бакоў.
“Такім чынам, рэфлексія Касцёла ад самага пачатку суправаджала развіццё транспланталогіі, прызнаючы яе значэнне і адначасова ўказваючы неабходныя этычныя крытэрыі”, - дадаў ён.
Патрэба ў этычных нормах
“Святы Ян Павел ІІ у энцыкліцы “Evangelium vitae” нагадваў, што сярод учынкаў, якія сілкуюць культуру жыцця, “заслугоўвае асаблівай пашаны донарства органаў, якое здзяйсняецца ў этычна прымальных формах”. “Гаворка ідзе пра дзеянне, якое яднае велікадушнасць дару з маральнай адказнасцю, якая яго суправаджае”, - сцвердзіў Папа.
Высакародны і годны ўчынак
Святы Айцец працытаваў таксама словы Катэхізіса Каталіцкага Касцёла, які сцвярджае, што “пасмяротнае донарства органаў – гэта высакародны і годны ўчынак і павінна заахвочвацца як праява шчодрай салідарнасці”, адначасова нагадваючы пра патрэбу згоды і павагі да годнасці асобы. “Трэба заўсёды сачыць за тым, каб пазбягаць усякіх форм камерцыялізацыі чалавечага цела і забяспечыць трансплантацыі справядлівыя і празрыстыя крытэрыі”, - дадаў Пантыфік.
Выраз братэрства
Леў XIV нагадаў словы Францішка, які падкрэсліваў, што донарства мае не толькі грамадскую карысць, але з’яўляецца таксама выразам усеагульнага братэрства. “Ён сцвярджаў, што донарства павінна заставацца бескарыслівым учынкам, здольным сведчыць пра культуру дапамогі, дару, надзеі і жыцця. Гэты заклік як ніколі каштоўны ў час, калі ёсць рызыка ацэньваць усё згодна з логікай кошту, эфектыўнасці ці выгады”, - падкрэсліў Пантыфік.
Навуковы прагрэс і цэласнае дабро чалавека
Папа заахвоціў працягваць навуковыя даследаванні ў галіне транспланталогіі, каб знаходзіць усё больш эфектыўныя рашэнні і “адказаць на патрэбу ў органах і патрэбы пацыентаў, у кантэксце, дзе попыт усё яшчэ значна перавышае наяўнасць”. “Неабходна, каб такое імкненне заўсёды ішло разам з адказным разважаннем, каб навуковы прагрэс заставаўся накіраваным на цэласнае дабро асобы і павагу да яе годнасці”, - дадаў Святы Айцец.
