Леў XIV: араторыі дапамагаюць моладзі пераадольваць ізаляцыю
Марыя Валодзіна - Vatican News
Пасланне Льва XIV за подпісам Дзяржаўнага сакратара П'етра Параліна прымеркавана да ўрачыстай закладкі першага каменя новага араторыя імя святога Яна Боска ў Альджатэ-Камаска ў васьмі кіламетрах ад швейцарскай мяжы. Урачыстасць, якую ўзначаліў біскуп Кома кардынал Оскар Кантоні, адбылася 1 сакавіка 2026 года.
Па словах Папы, трываласць першага каменя, закладзенага на месцы старога араторыя, сімвалізуе жыццяздольнасць гэтых супольнасных прастораў, неабходных як для Касцёла, так і для ўсяго грамадства. Гэтыя месцы закліканыя будаваць "сапраўдныя сувязі", здольныя перамагчы "сучасную ізаляцыю", асабліва моладзевую.
У лісце, адрасаваным пробашчу парафіі святых Іпаліта і Касіяна, ксяндзу Флавіа Кроста, Пантыфік выказаў надзею, што новы душпастырскі цэнтр для моладзі стане месцам “сапраўднага чалавечага братэрства і хрысціянскай фармацыі”. Ксёндз Кроста ў сваім слове падчас цырымоніі закладкі першага каменя араторыя нагадаў, што дзецям і моладзі недастаткова быць ацэненымі – “яны павінны ведаць, што іх любяць”.
Закладка першага каменя азначыла канец доўгага шляху чакання і складаных этапаў, які пачаўся пасля закрыцця старога араторыя ў 2017 годзе. Восем гадоў супольнасць жыла настальгіяй па месцы, дзе прайшлі бесклапотныя гады дзяцінства. Канчатковы дазвол на будаўніцтва новай структуры прыйшоў 18 лістапада 2025 года ад кардынала Лазаруса Ю Хён-сіка, прэфекта Дыкастэрыі па справах духавенства.
