Пошук

Леў XIV: справядлівасць і міласэрнасць супрацьстаяць націску зла

Мір – гэта не проста баланс сіл, гэта дзеянне чыстых сэрцаў, якія бачаць у іншым не ворага, а брата, - падкрэсліў Папа падчас Імшы, якая 28 сакавіка 2026 года адбылася на стадыёне Луі ІІ у Манака. Ён заклікаў вернікаў не прызвычайвацца да грукату зброі і выяў вайны.

Марыя Валодзіна - Vatican News

У гаміліі Пантыфік спаслаўся на евангельскі ўрывак пра жорсткі прысуд членаў Сінэдрыёна, якія ў той дзень “вырашылі забіць Яго” (Ян 11:45-57). Езуса асудзілі на смерць пасля таго, як Ён уваскрасіў Лазара – сябра, перад магілай якога Ён плакаў, падзяляючы боль Марты і Марыі.

Смяротны вердыкт быў не выпадковым, а прадуманым рашэннем, выкліканым страхам і палітычным разлікам. Замест таго каб прызнаць у Езусе Месію, першасвятары і фарысеі ўбачылі ў Ім пагрозу: “прыйдуць рымляне, і знішчаць месца нашае”. Іх погляд настолькі скажоны, што замест таго, каб вяршыць закон, яны парушаюць яго: вырашаюць забіць нявіннага з-за страху згубіць уладу. Але калі людзі забываюць пра закон “Не забівай”, Бог памятае пра Сваё абяцанне Збаўлення, - нагадаў Святы Айцец.

Папа падкрэсліў, што і сёння ў свеце адбываецца тое ж самае. З аднаго боку – Божае аб’яўленне, з другога – “схаваныя дзеянні магутных уладаў, гатовых бязлітасна забіваць”. На іх скрыжаванні стаіць знак Езуса – ахвяра жыцця. Уваскрашэнне Лазара становіцца прадвесцем таго, што адбудзецца з Хрыстом: Яго мукі, смерці і Уваскрасення. Сын здзейсніць намер Айца сілай Святога Духа: як напачатку часоў Бог стварыў жыццё з нічога, так і ў паўнаце часоў Ён адкупае жыццё ў смерці, якая імкнецца знішчыць стварэнне.

Леў XIV падкрэсліў, што з гэтага адкуплення нараджаюцца радасць веры і сіла сведчання. І сёння націску зла супрацьстаіць вечная Божая справядлівасць. Пан вызваляе ад болю, усяляе надзею, змякчае зацвярдзелыя сэрцы, ператварае ўладу ў служэнне, і паказвае сапраўднае аблічча сваёй Усемагутнасці – міласэрнасць. Гэта міласэрнасць ратуе свет: яна клапоціцца пра кожнае чалавечае жыццё – ад яго пачатку ва ўлонні маці да апошніх хвілін, ва ўсёй яго крохкасці. Як вучыў Папа Францішак, культура міласэрнасці супрацьстаіць “культуры адкідаў”.

Бог ажыццяўляе Свой план Збаўлення праз вызваленне і асвячэнне людзей, вядучы іх шляхам навяртання, які перамяняе адносіны з Ім і бліжнімі. Гэтае вызваленне азначае ачышчэнне ад “ідалаў” – усяго таго, што занявольвае сэрца, падкупае і разбэшчвае яго. Слова “ідал” азначае "маленькая ідэя", “ідэйка”, гэта значыць скажоны погляд, які змяншае не толькі веліч Усемагутнага, ператвараючы Яго ў аб'ект, але і чалавечы розум. Таму ідалапаклоннікі бачаць толькі тое, што прыцягвае іх позірк і губляюць здольнасць бачыць глыбей. Нават вялікія і добрыя рэчы гэтага свету могуць стаць ідаламі, калі ператвараюцца ў залежнасць: багацце – у прагнасць, улада — у панаванне, прыгажосць — у ганарыстасць, - перасцярог Пантыфік.

“Бог не пакідае нас у гэтых спакусах. Ён прыходзіць на дапамогу слабому і засмучанаму чалавеку, які лічыць, што ідалы свету ратуюць яго жыццё”, - сказаў Папа, цытуючы святога Аўгустына, які казаў, што чалавек вызваляецца, калі верыць у Таго, хто паказаў прыклад пакоры (De civitate Dei, VII, 33). Гэты прыклад – жыццё Езуса, Бога, які стаў чалавекам дзеля нашага Збаўлення. Замест таго каб караць нас, Ён знішчае зло Сваёй любоўю і здзяйсняе абяцанне: ачышчае людзей, робіць іх Сваім народам. Пан змяняе гісторыю, вядучы нас ад ідалапаклонства да сапраўднай веры, ад смерці да жыцця.

Нягледзячы на несправядлівасць і войны, Бог абяцае перамяніць смутак у радасць і праз ачышчэнне сэрцаў вызваляе людзей ад ідалапаклонства, каб яны жылі як дзеці Божыя, браты і сёстры. Гэты дар асвятляе наша сучаснасць, таму што кровапралітныя войны – гэта вынік ідалапаклонства ўладзе і грошам. Кожнае зламанае жыццё – гэта рана на Целе Хрыстовым. Давайце не будзем прызвычайвацца да грукату зброі, да выяў вайны! Мір – гэта не проста баланс сіл, гэта дзеянне чыстых сэрцаў, якія бачаць у іншым не ворага, а брата, - сцвердзіў Святы Айцец.

Касцёл у Манака пакліканы сведчыць веру сваёй радасцю і міласэрнасцю. Крыніцай гэтай радасці з'яўляецца Божая любоў: любоў да кожнага чалавечага жыцця: маладога і старога, здаровага і хворага, адзінокага і патрабуючага клопату, - нагадаў напрыканцы гаміліі Папа, даручаючы манакаўцаў апецы Панны Марыі.

“Падчас доўгага Вялікага посту свету, калі бушуе зло, а ідалапаклонства робіць сэрцы абыякавымі, Пан рыхтуе сваю Пасху. Знакам гэтай падзеі з’яўляецца чалавек: гэта Лазар, пакліканы з магілы; гэта мы, прабачаныя грэшнікі; гэта Укрыжаваны і Уваскрослы, крыніца Збаўлення. Ён – “дарога, і праўда, і жыццё” (Ян 14,6), Ён падтрымлівае нашае пілігрымаванне і місію Касцёла ў свеце, якая заключаецца ў тым, каб ахвяраваць жыццё Богу. Гэта ўзнёслая і немагчымая задача, калі не прысвячаць сваё жыццё блізкаму. Гэта захапляльная і плённая задача, калі Евангелле асвятляе нашы крокі”, - завяршыў сваю гамілію Святы Айцец.

28 сакавіка 2026, 16:05