Папа: хрысціяне і мусульмане могуць разам працаваць дзеля міру
Марыя Валодзіна - Vatican News
25 сакавіка 2026 года Леў XIV прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане дэлегацыю Праграмы хрысціянска-мусульманскіх адносін у Афрыцы (PROCMURA) – панафрыканскай арганізацыі, якая спрыяе паглыбленню міжрэлігійнага дыялогу і ўзаемаразумення паміж хрысціянамі і мусульманамі. Яе штаб-кватэра знаходзіцца ў Кеніі.
Пантыфік падкрэсліў, што Каталіцкі Касцёл выступае за ўзаемную павагу і паразуменне з паслядоўнікамі іншых рэлігій. Касцёл “не адмаўляе нічога, што ў гэтых рэлігіях ёсць праўдзівага і святога”, паколькі яны часта "адлюстроўваюць промень той Праўды, якая асвячае ўсіх людзей" (Nostra Aetate, 2).
У свеце, які ўсё часцей сутыкаецца з радыкалізацыяй, канфліктамі і падзеламі, сумеснае сведчанне хрысціян і мусульман паказвае, што жыць і працаваць у міры і гармоніі магчыма, нягледзячы на культурныя і рэлігійныя адрозненні, - адзначыў Папа. На лідарах і прадстаўніках сусветных рэлігій ляжыць велізарная адказнасць дапамагчы людзям вызваліцца ад ланцугоў прадузятасці, гневу і нянавісці; падняцца над эгаізмам і эгацэнтрызмам; пераадолець прагнасць, якая разбурае чалавечы дух і прыроду. Гэта дазволіць ім стаць прарокамі нашага часу – галасамі, якія асуджаюць гвалт і несправядлівасць, пераадольваюць рознагалоссі і абвяшчаюць мір для ўсіх людзей, - падкрэсліў Святы Айцец.
Напрыканцы сустрэчы Папа благаславіў удзельнікаў і пажадаў ім быць будаўнікамі міру, сведкамі надзеі і стваральнікамі сапраўднага братэрства.
