Папа: прадпрыемства – гэта супольнасць людзей, а не толькі прыбытак
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Леў XIV скіраваў пасланне да ўдзельнікаў сустрэчы Руху хрысціянскіх прадпрымальнікаў і кіраўнікоў (Mouvement des Entrepreneurs et Dirigeants Chrétiens), якая праходзіць 13–15 сакавіка 2026 года ў французскім Ліёне з нагоды 100-годдзя гэтай арганізацыі. Рух аб’ядноўвае каля 3700 лідараў, якія намагаюцца служыць агульнаму дабру, грунтуючыся на хрысціянскай сацыяльнай думцы.
Хрысціянства гуманізуе эканоміку
Жыццё верай у прадпрымальніцкай дзейнасці становіцца крыніцай “адказнасці, крэатыўнасці і павагі да чалавечай годнасці”, таму “ўклад хрысціянства ў нашу эпоху, пазначаную глыбокімі зменамі і распаўсюджанай сацыяльнай уразлівасцю, з’яўляецца фундаментальным”, - гаворыцца ў пасланні, падпісаным кардыналам-дзяржсакратаром П’етра Паралінам.
“Выклікі ў сферы працы, міру, сацыяльнай справядлівасці і захавання стварэння вельмі цесна звязаны паміж сабой і патрабуюць позірку, здольнага разумець іх узаемасувязь, каб накіроўваць і прымаць па-сапраўднаму чалавечныя рашэнні”, - заўважыў Папа.
Уклад кіраўнікоў прадпрыемстваў
Пантыфік адзначыў, што хрысціянін-прадпрымальнік, хоць і дзейнічае ў адпаведнасці з “законнай дынамікай рынку”, але не можа мець у якасці адзінай мэты “просты пошук прыбытку” ці “кіраванне рэсурсамі”: ён павінен разумець прадпрыемства як “супольнасць людзей, пакліканых расці разам”, пра што пісаў яшчэ Леў XIII.
“Ваш Рух, які нарадзіўся і развіваўся ў экуменічным духу, сведчыць, што Евангелле можа быць закваскай адзінства і прымірэння, таксама ў сферы эканомікі. Менавіта ў гэту перспектыву ўпісваецца вучэнне энцыклікі “Rerum novarum”, якая заклікае прадпрымальнікаў паважаць годнасць кожнага працаўніка і абараняць найслабейшых”, - гаворыцца ў папскім пасланні.
Пантыфік адзначыў, што грамадская роля прадпрыемства не можа разглядацца выключна ў эканамічным ключы, быццам яно з’яўляецца толькі інструментам “вытворчасці ці назапашвання” багаццяў, але таксама ў святле яго здольнасці “прасоўваць тое, што чалавечае”, умацоўваючы сувязі ў грамадстве і павагу да стварэння.
Магчымасці і надзея для моладзі
Леў XIV звярнуў увагу таксама на сітуацыю моладзі на рынку працы. Эканоміка, натхнёная хрысціянскай верай, павінна даваць маладым людзям давер і магчымасці, надзею і стабільныя працоўныя месцы.
“Хрысціяне, якія з’яўляюцца кіраўнікамі прадпрыемстваў, пакліканы прасоўваць эканоміку, здольную спалучаць эфектыўнасць і чалавечнасць, даючы моладзі не толькі працу, але таксама магчымасці для росту, фармацыі і адказнага ўдзелу, здольныя ствараць па-сапраўднаму чалавечае развіццё”, - падкрэсліў Святы Айцец.
