Папа: Езус задавальняе прагу сэнсу і дазваляе стаць дарам для іншых

Дзейнасць парафіі, у цэнтры якой знаходзіцца Эўхарыстыя, павінна быць знакам Касцёла, які, як маці, клапоціцца пра сваіх дзяцей, не асуджаючы іх, а прымаючы, слухаючы і падтрымліваючы перад небяспекамі, - адзначыў Папа.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

8 сакавіка 2026 года Леў XIV здзейсніў візіт у парафію Ахвяравання Найсвяцейшай Панны Марыі, якая знаходзіцца на заходняй ускраіне Рыма. Папа сустрэўся з моладдзю і дзецьмі, пажылымі і хворымі вернікамі, валанцёрамі, членамі душпастырскай рады і духавенствам.

Езус задавольвае прагу жыцця і сэнсу

Кульмінацыяй візіту стала святая Імша, падчас якой Папа пракаментаваў евангельскі ўрывак пра сустрэчу Езуса з самаранкай ля студні каля горада Сіхар. Пантыфік падкрэсліў, што Хрыстус адказаў на яе прагу жыцця, любові і сэнсу – глыбокую патрэбу, уласцівую кожнаму чалавеку – пасля чаго яна сама стала дарам для іншых.

Быць крыніцай жывой вады

Святы Айцец таксама заўважыў, што парафія, якая дзейнічае на тэрыторыі, пазначанай матэрыяльнай і маральнай беднасцю, паклікана быць для людзей крыніцай жывой вады.

“Як каля студні з Евангелля, у гэтай парафіі збіраюцца мужчыны і жанчыны, параненыя ў сэрцы, пазбаўленыя годнасці і спрагнёныя надзеі. Ваша тэрміновае і вызваляючае заданне – паказаць блізкасць Езуса, Яго жаданне адкупіць наша існаванне ад зла, якое яму пагражае, праз прапанову жыцця справядлівага, праўдзівага і поўнага”, - сказаў Святы Айцец.

Парафія – знак Касцёла, які прымае і клапоціцца

Папа заклікаў зрабіць так, каб дзейнасць парафіі, у цэнтры якой знаходзіцца Эўхарыстыя, была “знакам Касцёла, які – як маці – клапоціцца пра сваіх дзяцей, не асуджаючы іх, але прымаючы, слухаючы і падтрымліваючы перад абліччам пагроз”. “Няхай слова Евангелля, якое струменіцца ў нас як крыніца праўды, дапамагае кожнаму адкрываць вочы, каб мудрасцю адрозніваць дабро ад зла, фарміруючы такім чынам свабодныя і сталые сумленні”, - заахвоціў на завяршэнне гаміліі Пантыфік.
 

08 сакавіка 2026, 18:31